Юнусаў будзе праз суд дамагацца абвяржэнняў, што ён падазраецца ў тэрарызме

Юнусаў будзе праз суд дамагацца абвяржэнняў, што ён падазраецца ў тэрарызме

Грамадзянін Беларусі Марат Юнусаў, якога расійскія СМІ запісалі ў падазраваныя ў арганізацыі тэрактаў у Бруселі, будзе дамагацца праз суд афіцыйнага абвяржэння такой інфармацыі.

“Я не магу апісаць гэтае пачуццё. Абвінавачваюць у гібелі людзей, рэлігійным фанатызме, нецярпімасці... Гэта быў шок”, — заявіў Юнусаў у інтэрв’ю тэлеканалу АНТ. Журналісты размаўлялі з ім, калі ён ускладаў кветкі ў даніну памяці загінулых у тэрарыстычных нападах.

Яго разам з яшчэ двума беларусамі, Іванам і Аляксеем Доўбашамі, назвалі падазраванымі ў арганізацыі тэрактаў у Бельгіі 22 сакавіка.

Юнусаў паведаміў, што звярнуўся ў паліцыю — ён жыве па суседстве з паліцэйскім участкам. Ён паказаў праваахоўнікам свой беларускі пашпарт і іншыя дакументы. Праверка заняла некалькі гадзінаў, але яму не выставілі ніякіх абвінавачанняў. Таксама Юнусаў заявіў, што адкрыты для любога расследавання.

Днямі беларускі КДБ афіцыйна заявіў, што адзін з “падазраваных” у спрычыннасці да брусельскіх тэрактаў у момант атак знаходзіўся ў Гомелі. Гэта быў Аляксей Доўбаш, які даведаўся пра версію расійскіх СМІ і папрасіў брата Івана даць тлумачэнні бельгійскай паліцыі з гэтай нагоды.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі