КДК праверыў вёску перад жнівом: камбайны не рамантуюцца, механізатары п’юць
Камітэт дзяржкантролю выявіў шматлікія факты парушэнняў на сельскагаспадарчых прадпрыемствах перад пачаткам уборачнай кампаніі. Як паведамляе БЕЛТА, маніторынг правялі ў 80 гаспадарках краіны ў перыяд 24-28 чэрвеня. Вынікі праверак сведчаць пра недастатковую падрыхтаванасць да жніва.
Галоўнай праблемай называюць нізкі ўзровень гатовасці зернеўборачнай тэхнікі і зернесушыльнай гаспадаркі — яе выявілі ў 33 сельгасарганізацыях. Каб схаваць гэта, на шэрагу прадпрыемстваў займаліся прыпіскамі — у 12 гаспадарках выявілі скажэнне справаздачаў. Тэхніка там лічылася спраўнай, але насамрэч камбайны маглі нават не здымацца з працяглага захоўвання і іх не пачыналі рамантаваць перад уборачнай.
На адным з такіх прадпрыемстваў патлумачылі, што механізатары былі занятыя нарыхтоўкай кармоў і таму не мелі часу на рамонт тэхнікі. Такія сітуацыі выяўлялі ў 10 раёнах розных вобласцяў.
Яшчэ адной праблемай называюць недахоп механізатарскіх кадраў дзеля ўкамплектавання экіпажаў зернеўборачных камбайнаў. У некаторых гаспадарках механізатары проста адсутнічаюць і падрыхтоўка да жніва там не вядзецца.
У 24 гаспадарках не гатовыя зернесушыльныя комплексы, у 18 — склады для прыёмкі ўраджаю. Ёсць арганізацыі, дзе на складах для збожжа не правялі дэзінсекцыю.
На вёсцы не хапае сродкаў пажаратушэння, а стан працоўнай дысцыпліны механізатараў “выклікае занепакоенасць” — напрыклад, 30 чэрвеня пад Бялынічамі на ўборцы рапсу загарэўся камбайн, у якім знаходзіўся п’яны механізатар. Падобная сітуацыя была ў Ашмянскім раёне, дзе загарэўся кормаўборачны камбайн — таксама з нецвярозым механізатарам.
Цяпер КДК праводзіць маніторынг ходу ўборачных работ.