Кіраўніцтва будаўнічай кампаніі на грошы кліентаў купляла сабе золата
КДБ пачаў крымінальную справу на заснавальнікаў і службовых асобаў будаўнічай кампаніі "Антасам".
Як інфармуе interfax.by, справа пачатая за крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Па звестках следчых, ад траўня 2009 года па сёлетні жнівень дырэктар кампаніі ў змове з яе заснавальнікамі забіралі сабе грошы ўдзельнікаў долевага будаўніцтва. Пацярпелымі сталі мінчукі, якія хацелі пабудаваць кватэры ў жылым комплексе "Самацветы" ў Фрунзенскім раёне сталіцы.
Дома ў падазраваных і ў офісах падкантрольных ім камерцыйных структур супрацоўнікі КДБ забралі каля 18 кг золата ў злітках Нацбанка. Таксама КДБ звяртае ўвагу, што ў падазраваных былі дарагія аб'екты нерухомасці і транспартныя сродкі. Падазраваных узялі пад варту.
Нагадаем, што пра карупцыю ў будаўнічай галіне ў чэрвені казаў кіраўнік Беларусі. Тады Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад праваахоўных органаў адэкватных дзеянняў у гэтым напрамку.