Кіраўнік Адміністрацыі прапануе паказваць школьнікам фільм з абмежаваннем "18+"
Ігар Сергеенка / БЕЛТА
Школьныя выкладчыкі ў рэгіёнах павінны падымаць пытанне недахопу дакументальных фільмаў гістарычнай тэматыкі і паказваць іх школьнікам. Пра гэта заявіў кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сергеенка.
Як прыклад ён прапанаваў паказваць школьнікам фільм "Ржэў. 500 дзён у агні".
"Калі ён заблакаваны ў інтэрнэце, то яго ж можна паказаць, сабраўшы школьнікаў у адной зале. Прашу на гэта звярнуць увагу. Калі гэтая тэма называлася, было такое пажаданне — трэба яго рэалізаваць. Калі патрэбна нейкая дапамога з боку Міністэрства культуры, "Беларусьфільма" — дапамога будзе аказаная", — цытуе БЕЛТА словы Сергеенкі.
Фільм "Ржэў. 500 дзён у агні" распавядае пра бітву пад расійскім Ржэвам падчас Другой сусветнай вайны. На YouTube ён цяпер даступны, але там стаіць абмежаванне "18+", заўважыў Reform.by. Гэта звязана з кадрамі хронікі, дзе дэманструюць мёртвыя целы. Пры гэтым стужку можна знайсці ў некалькіх уліковых запісах, дзе такога абмежавання няма.
Таксама фільм адметны тым, што там паказваюць адкрыццё манумента пад Ржэвам з удзелам Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.