Кіраўнік Глыбоцкага раёна не пусціў на сход журналіста

28 ліпеня раніцай у вёсцы Дзеркаўшчына праходзіў сход жыхароў, на якім разглядалася пытанне аб забароне гадаваць свіней у 5-кіламетровай зоне ад свінакомплексу “Маліноўшчына”.



Калі журналіст Зміцер Лупач зайшоў у залу, кіраўнік раёна Алег Морхат звярнўся да намесніка начальніка міліцыі Глыбоцкага раёна Віктара Адамовіча: “Дзе ўчастковы? Чаму яго прапусціў? Сёння ж звольніць яго з працы. Ён (Зміцер) тут не мясцовы жыхар, і няма чаго яму тут рабіць. А раптам у яго аўтамат, і ён тут нас пастраляе”.



Сход доўжыўся дзве гадзіны. На ім прысутнічалі кіраўнік раёна, прадстаўнікі раённай ветслужбы, аховы прыроды, кіраўніцтва сельсавета і мясцовай гаспадаркі. Яны заклікалі жыхароў вёсак, якія ўваходзяць у 5-кіламетровую зону, прыбраць з прыватных гаспадарак усіх свіней. Хто гэтага не зробіць, то да такіх, па словах Алега Морхата, “будуць прынятыя меры, будзе падключаны РАУС”.



Некаторыя людзі абураліся, што на гэта няма ніякай афіцыйнай паперы, і што яны рэзаць свіней не будуць.



Журналіст Зміцер Лупач з’яўляецца жыхаром вёскі Завараты, якая знаходзіцца ў 6 кіламетрах ад Дзеркаўшчыны. Перад гэтым старшыня сельсавета Яўген Татун заклікаў прыняць удзел у сходзе і жыхароў навакольных вёсак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі