Кіраўнік МЗС Украіны: Я не заклікаў не ездзіць у Беларусь
Міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін заяўляе, што ніколі не заклікаў грамадзян Украіны не ездзіць у Беларусь. Кіраўнік украінскай дыпламатыі кажа, што яго словы няправільна інтэрпрэтавалі.
"Многія дагэтуль абмяркоўвае мае словы пра небяспеку знаходжання нашых грамадзян у Беларусі з-за дзейнасці расійскіх спецслужбаў. Пытаюцца, што рабіць. На самай справе, нічога не рабіць. Проста думаць галавой і ўлічваць цалкам рэальную небяспеку.
Я ніколі не заклікаў украінскіх грамадзян не наведваць Беларусь. Уласна, гэта адбываецца кожны дзень. Але многім ветэранам АТА, журналістам, грамадскім актывістам стаіць вельмі старанна ўзважваць ўсе рызыкі. У рэшце рэшт, сітуацыя складаная і не абмяжоўваецца толькі захопам Паўла Грыба", — напісаў Клімкін у Фэйсбуку.
Разам з тым ён падкрэсліў, што грамадскія кантакты паміж Беларуссю і Украінай важныя і патрэбныя.
"Украінскі і беларускі народы маюць агульную, часта не вельмі простую, гісторыю, якая нас шмат у чым аб'ядноўвае. Упэўнены, што будзем мець аднолькава пазітыўную будучыню", — завяршае свой допіс украінскі дыпламат.
Як паведамляла Еўрарадыё, каля тыдня таму Клімкін у сваім інтэрв'ю заявіў, што ўкраінцам не вельмі бяспечна наведваць Беларуь, бо тут дзейнічаюць расійскія спецслужбы. Як прыклад, прагучалі імёны Паўла Грыба (затрыманы ў Беларусі, судзяць у Расіі) і Паўла Шаройкі (журналіст, асуджаны ў Беларусі па абвінавачанні ў шпіянажы).
МЗС Беларусі назваў заявы Клімкіна выдумкамі і жахалкамі.