Кірыл Коктыш: Беларускі рэжым трапіў у палітычны цугцванг

22 лютага ў Мінску судзяць расіян Івана Гапонава і Арцёма Брэўса. Значэнне гэтага судовага працэсу для расійска-беларускіх адносінаў пракаментаваў для Еўрарадыё маскоўскі палітолаг, дацэнт МДІМА Кірыл Коктыш:

Кірыл Коктыш: "Мне здаецца, што беларускія ўлады так ці інакш апынуліся ў цугцвангу — становішчы, з якога няма пазітыўнага выйсця. Спачатку абвясціўшы, што была спроба перавароту і масавыя беспарадкі, яна цяпер вымушаная судовым чынам падцвярждаць свой пункт гледжання, сваю інтэрпрэтацыю. Асаблівай свабоды манёўру ў беларускага рэжыму сёння няма. Гэта ўсё вынікі таго выбару, які быў зроблены 19 снежня".

Аналітыкі неаднаразова выказвалі меркаванне, што Брэўс і Гапонаў сталі своеасаблівымі палітычнымі закладнікамі. Маўляў, беларускі рэжым будзе выкарыстоўваць іх у гандлі з Расіяй. На думку Коктыша, разлік на беларуска-расійскі гандаль не спраўдзіўся.

Кірыл Коктыш: "Праблема ў тым, што гандаль не атрымаўся. Беларускі прэзідэнт імкнуўся сустрэцца ў Сочы з Мядзведзевым ці Пуціным. І мы можам меркаваць, што якраз падчас гэтай сустрэчы павінен быў адбыцца нейкі гандаль — што Расія зробіць што-небудзь, каб яе грамадзяне не былі асуджаныя, а калі б нават былі асуджаныя, дык пасля былі б абмяняныя на нешта. Але перамоваў не адбылося, гэтае пытанне цалкам было аддадзенае на прыватнае рашэнне беларускага прэзідэнта. І таму гандлю не было, і, вядома ж, яго не будзе. Таму мы можам толькі гадаць, якія жэсты будзе рабіць беларускі прэзідэнт".

Эксперт не выключае, што прысуды расіянам будуць паказальна жорсткімі.

Кірыл Коктыш: "Сённяшняя праблема беларускага рэжыма — гэта піярная праблема. Яму патрэбна даказаць, што насамрэч гэта была не справакаваная жорсткасць, а насамрэч жорсткасць справядлівая і суразмерная, што нешта там сур'ёзнае было. І, вядома ж, зараз судовыя прысуды так ці інакш будуць падмацоўваць гэты пункт гледжання. Гэта тая піярная тэхналогія, гэта цугцванг, з якога зараз немагчыма сысці, нават калі б вельмі хацелася. Бо калі прысуд будзе мяккі ці прысуду не будзе ўвогуле, то тады пад пытаннем апынаецца сам факт — а ці былі тыя масавыя беспарадкі, а ці была насамрэч тая спроба штурму, у якой спрабуе ўсіх пераканаць беларускі рэжым".

На думку Коктыша, прадметам гандлю паміж Беларуссю і Расіяй мог стаць транзіт нафты і газу праз нашу краіну. На цяперашні час Беларусь дзякуючы транзітным паслугам атрымлівае ад усходняй суседкі штогод каля 5 мільярдаў долараў. Аднак сёлета плануецца увесці ў дзеянне нафтаправод БТС-2 і газаправод "Паднёвая плынь", якія пойдуць у абыход Беларусі.

У выніку Беларусь можа застацца без расійскіх датацый ужо ў наступным годзе. Што кіраўніцтва нашай краіны можа выкарыстаць для гандлю з Расіяй?

Кірыл Коктыш: "Гэтага мы ўжо не ведаем. Але нікуды падзецца падчас сусветнага крызісу магчымасці няма. Іншага пакупніка беларускай прадукцыі проста не існуе ў прыродзе, і яго не адшукаеш ні за акіянам — нідзе. І зноў жа, расійскую нафту прасцей знасці ў Расіі, а не дзе-небудзь у далёкім замежжы. Таму, як звычайна атрымліваецца паміж суседзямі, трэба будзе дамаўляцца. Альбо дамоўленасць будзе і будуць грошы, альбо не будзе гэтай дамоўленасці і Беларусь рызыкуе страціць недзе траціну свайго штогадовага бюджэту".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі