Кісларод, ахова і 250 мяшкоў для памерлых: як лякарні закупляюцца ў каранавірус
Лякарні купляюць буйныя аб'ёмы кіслароду / Еўрарадыё
Рэчыцкая цэнтральная раённая бальніца абвясціла тэндары на закупку ста ахоўных экранаў для твару, 50 аднаразовых кантэйнераў для аспірату дыхальных шляхоў (аспірат — доследны матэрыял з дыхальных шляхоў), 10 набораў тэст-сістэм ІФА (для аналізаў на антыцелы) і 250 пакетаў для памерлых.
Відавочна, пакупкі звязаныя з каранавірусам. Вядома, лякарні павінны быць забяспечаныя ўсім неабходным, але бянтэжаць 250 пакетаў для памерлых.
Еўрарадыё датэлефанавалася да галоўнага доктара Рэчыцкай цэнтральнай раённай бальніцы, каб даведацца, ці незвычайныя такія аб'ёмы закупак і наколькі часта людзі паміраюць у лякарні.
— Нічога не ведаю пра закупкі, не магу вам сказаць, — адказвае галоўны доктар.
Як паведаміў медык з Мінска, 250 пакетаў для памерлых усё ж зашмат для Рэчыцы ў канцы года.
— Звычайна на пачатку года выдаюць гадавую патрэбу, — адзначае наш суразмоўца.
Мяркуючы па сайце дзяржзакупак, пакупкі, якія могуць быць звязаныя з каранавірусам, ёсць не толькі ў Рэчыцы. Напрыклад, Полацкая цэнтральная гарадская бальніца купляе 60 тысяч кубоў медыцынскага кіслароду на 277,2 тысячы рублёў.
6-я гарадская клінічная бальніца Мінска абвясціла тэндар на 15 канцэнтратараў кіслароду на 51 тысячу рублёў.
Пінская цэнтральная бальніца закупляе 195 тон вадкага медыцынскага кіслароду на 86 тысяч рублёў.
Як паведамляла Мінздароўя, у сувязі з пандэміяй каранавіруса з 9 кастрычніка для ўсіх абавязкова насіць маскі ў грамадскіх месцах і выконваць сацыяльную дыстанцыю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.