Клас прыйшоў на экзамен па беларускай мове — а пайшоў на самаізаляцыю

Парахонская сярэдняя школа / parohonsk.roo-pinsk.gov.by
Парахонская сярэдняя школа / parohonsk.roo-pinsk.gov.by

У Пінскім раёне цэлы клас апынуўся на самаізаляцыі пасля экзамену. Выпускнікі прыйшлі ў школу здаваць беларускую мову. Пасля экзамену 1 чэрвеня адзін са школьнікаў даведаўся, што яго тэст на каранавірусную інфекцыю даў станоўчы вынік.

— Ужо адменены экзамены. Экзамены яны здаваць не будуць. Вучні на самаізаляцыі да 14 чэрвеня. Некаторыя ў працэсе праверкі, — расказвае Еўрарадыё намесніца дырэктара Парахонскай сярэдняй школы Наталля Токар. — Ёсць хворыя настаўнікі, чатыры чалавекі, у іх пацвердзіўся тэст. Па-мойму, навучэнцам будуць пастаўлены гадавыя адзнакі, без здачы экзаменаў.

Выпускныя экзамены праходзяць у беларускіх школах нягледзячы на каранавірус. Згодна з пастановай Мінадукацыі ад 26 траўня №101 вучні, якія знаходзяцца на самаізаляцыі, ад экзаменаў вызваляюцца.

Але нельга проста ўзяць і сказаць, што калі чалавек быў у адной аўдыторыі з носьбітам каранавіруса, то ён стаў кантактам першага ўзроўню і павінен самаізалявацца.

— Хто быў кантактам першага ўзроўню, павінна вызначаць санстанцыя. І па гэтай пастанове [№101] у перыяд, калі яны здаюць экзамены, яны будуць вызваленыя ад далейшых экзаменаў. Адзнака па экзамене, на якім яны не будуць прысутнічаць, ставіцца не будзе. Атэставаць іх будуць па выніках чвэрці, — тлумачыць прэс-сакратар Мінадукацыі Людміла Высоцкая.

Пасля выпускных экзаменаў абітурыентаў чакае цэнтралізаванае тэставанне. Для ўдзелу ў ім зарэгістравалася 64 314 чалавек — на 12 тысяч менш, чым год таму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі