Клуб, дзе гуляў загінулы гандбаліст Лукашук, не дапамог паставіць помнік?
Ад часу гібелі гандбаліста “СКА-Мінск” і зборнай Беларусі Рамана Лукашука мінула больш за год. На магіле спартсмена ўжо пастаўлены помнік, на якім адбіты хрэстаматыйны фотаздымак. На ім Раман трымае ў руках Кубак выкліку.
Сям’я забітага спартсмена распавядае Еўрарадыё, што помнік быў усталяваны за ўласныя грошы. Уся дапамога ад “СКА-Мінск” абмежавалася сумай у 1000 долараў, якую бацькам далі, калі тыя забіралі цела сына з морга.
Нагадаем, што ў верасні 2014 года Раман Лукашук атрымаў смяротныя траўмы каля сталічнага клуба “Мулен Руж”. За гэта 6 гадоў пазбаўлення волі далі Максіму Урубухаву, які адпачываў у тым жа месцы ў тую ж трагічную ноч.
Пры гэтым бацька забітага гандбаліста Аляксандр Лукашук не паверыў у версію следства. Ён перакананы, што Урубухава падставілі, а ўдарыў сына іншы перспектыўны гандбаліст.
Звароты бацькі ў праваахоўныя органы спачатку далі вынік. Пракуратура Мінска, прыслухаўшыся да яго довадаў, падрыхтавала пратэст. Наглядны орган угледзеў “непаўнату і аднабаковасць следства” падчас разгляду справы ў судзе першай інстанцыі. Але ў Мінгарсудзе вырашылі, што ранейшае рашэнне “адпавядае фактычным акалічнасцям справы”. Прысуд пакінулі ў сіле.
Бацька Рамана: “Паказанні сведкі не супадаюць з тым, што на відэа. Усё абставілі як “бытавуху”
Аляксандр Лукашук, бацька забітага спартсмена, расчараваны тым, што справу не накіравалі на новы разгляд. Ён лічыць, што ад самага пачатку следства вялося неаб’ектыўна. А паказанні галоўнага сведкі відавочна разыходзяцца з тым, што бачна на відэазапісах. У пратаколе допыту гандбаліста Максіма Сончыка (ён бачыў момант удару), зафіксавана, што “ад удару Лукашук упаў, ударыўшыся патыліцай аб вадзіцельскія дзверы таксі”. Таксама Сончык паведаміў, што ў сваю чаргу нанёс крыўдзіцелю Рамана ўдар у вобласць галавы.
“Усе яго “паслядоўныя” паказанні не супадаюць з тым, што бачна на відэа. Машына выдуманая на роўным месцы, яе не было. Таксама відаць, што Сончык не наносіў удар таму, хто стукнуў сына, — пералічвае несупадзенні Аляксандр Лукашук. — На следчым эксперыменце Сончык паказаў, што калі Рому прывезлі да пад'езда, ён нібыта спрабаваў яго пасадзіць. Там ужо труп быў. “Хуткая” канстатавала смерць. Ужо адбылося адключэнне мозга, і толькі сэрца завялі. Усе гэтыя паказанні прыцягнутыя за вушы”.
У траўні мы ехалі на чарговую гульню ў Брэст, я праявіў ініцыятыву: “Давайце купім кветкі, заедзем на могілкі. Гэта такі чалавечы парыў і гэтак далей. І я скажу, што каманда вельмі адмоўна паставілася да маёй прапановы, таму што з боку бацькі пачаліся нейкія незразумелыя паклёпы
Таксама Мінгарсуд не зацікавіла і інфармацыя пра тое, што ў матэрыялах справы маглі быць падстаўныя відэазапісы.
“Усё абставілі так, нібыта сын быў п’яны, а яго смерць здарылася ад “бытавухі”, — выказваецца Лукашук.
Бацька Рамана мяркуе, што сына маглі наўмысна траўмаваць канкурэнты па гандбольнай зборнай, каб ён не змог узяць удзел у трэніровачных зборах, што мусілі адбыцца праз лічаныя дні пасля інцыдэнту.
Дырэктар “СКА-Мінск”: “Каманда вельмі адмоўна паставілася да прапановы заехаць на могілкі”
У гандбольным клубе “СКА-Мінск” Еўрарадыё распавялі, што грошы на помнік не сабралі праз скандальныя заявы Аляксандра Лукашука.
“У траўні мы ехалі на чарговую гульню ў Брэст, я праявіў ініцыятыву: “Давайце купім кветкі, заедзем на могілкі. Гэта такі чалавечы парыў і гэтак далей. І я скажу, што каманда вельмі адмоўна паставілася да маёй прапановы, таму што з боку бацькі пачаліся нейкія незразумелыя паклёпы”, — расказвае генеральны дырэктар “СКА-Мінск” Павел Галкін.
Кіраўнік клуба звяртае ўвагу на тое, што да яго даходзіла інфармацыя аб зборы сродкаў на помнік. Але пытанне праз паводзіны блізкіх Рамана Лукашука ён не дакантраляваў.
“Асабіста я разумею, што яго смерць — глыбокая недарэчнасць. Рома — вельмі добры, прыстойны чалавек, але апынуўся ў непатрэбным месцы ў непатрэбны час. Яго бацька са мной як з дырэктарам так і не звязаўся. Толькі ў прэсе выходзіў негатыў. Навошта ліць бруд на клуб, калі гэтага нічога не было? Калі ласка, пытанні да следчага, суда”, — спасылаецца на рашэнні праваахоўных органаў Павел Галкін.
Жонка асуджанага: “Праблема ў тым, што муж нічога не памятае. За паўтара года ён упершыню выпіў, яго моцна накрыла…”
Максім Урубухаў, якога асудзілі за ўдар, нанесены Раману Лукашуку, выглядае звычайным беларускім хлопцам са звычайнай біяграфіяй. Адзіны вядомы пра яго негатыў — у 2004 годзе атрымаў 30 гадзін папраўчых работ за “хуліганства”.
У многіх выклікала неразуменне версія, што звычайны хлопец сярэдняй камплекцыі мог смяротна траўмаваць добра падрыхтаванага спартсмена.
Урубухаву на момант трагедыі было 27. Ён адслужыў у звычайнай вайсковай частцы — не ў дэсантніках, не ў спецназе. Працаваў будаўніком. Яго рост і камплекцыя — сярэднія. Атлетам ён не выглядае, адзінаборствамі не займаўся. Нават на фоне Рамана Лукашука, які не быў самым габарытным гандбалістам, Урубухаў выглядаў, мякка кажучы, сціпла.
“У тую ноч Максім быў з сябрамі, адпрасіўся ў мяне адпачыць. Я паехаць не магла, бо была на сёмым месяцы цяжарнасці. Калі Максім вярнуўся дадому, то я нічога падазронага не заўважыла. Жылі, як і раней, усё было нармальна. А праз тыдзень яго затрымалі”, — згадвае Ірына, жонка Максіма Урубухава.
Еўрарадыё: Няўжо ён вам нічога не расказваў?
Ірына: Праблема ў тым, што ён нічога не памятае пра тую ноч. І я яму веру. Ведаю Максіма восем гадоў, і ён мне ніколі не хлусіў. Ён добры, спакойны, паважліва ставіцца да дарослых. Маці не разу не чула, каб ён на мяне павышаў голас. Як мы ажаніліся, ён у мяне не піў. За паўтара года ўпершыню выпіў, і вось так яго накрыла моцна. Але следчы сказаў, што на відэа ён бачны. Што ён б'е, уцякае, нешта там пінае. Я ў яго пытаюся: “А чаму ты ў гэтым прызнаўся?” Ён: “Сказалі, што на відэа я ёсць”. А на справе відэазапісы аказаліся надзвычай сумнеўнымі.
“Да суда муж быў на волі. Нам казалі, што ўсё будзе нармальна. Артыкул перакваліфікавалі ў апошні момант”
Еўрарадыё: Цяжка зразумець, як чалавек можа добраахвотна пагадзіцца на шэсць гадоў турмы…
Ірына: Настойвалі, што ён ударыў. А ён казаў, што нічога гэтага не памятае. Максім казаў, што нейкі канфлікт у клубе ў яго здарыўся. Акалічнасцяў ён не помніў. На галаве ў яго была шышка. Хоць падчас затрымання Максіма нават не аглядалі. Па відэазапісах з камер назірання бачна, што там сапраўды была патасоўка: шмат людзей стаіць, штурхаюцца, нехта замахваецца. І тут запіс раптоўна абрываецца. Адвакат яму параіў так: “Табе не павераць, што быў нейкі іншы канфлікт. Табе прасцей прызнацца і не адмаўляць”. І казаў, што будзе іншы, больш лёгкі артыкул. Да таго ж яму сказалі, што хлопец жывы і ўсё павінна быць нармальна. Максім слухаўся, не хацеў лезці на ражон. Тым больш у момант, калі я была цяжарная. Да суда ён увогуле быў на волі. Артыкул нечакана перакваліфікавалі ў самы апошні момант, а не тады, калі памёр гандбаліст.
Еўрарадыё: Вы лічыце, што Максімам маніпулявалі?
Ірына: Яго пасля затрымання адразу ж выпусцілі да суда. Здавалася, усё будзе нармальна. І вось следства скончылася, муж прыходзіць знаёміцца з матэрыяламі справы. Міргнуць вокам не паспелі. У гэты ж дзень перакваліфікавалі артыкул з “нанясення цяжкіх цялесных” на “нанясенне цяжкіх цялесных, якія пацягнулі смерць чалавека”. Нешта тут нячыста, гэта відавочна.
Еўрарадыё: Што выклікае ў вас сумневы?
Ірына: Калі ўдар сапраўды быў такой сілы, чаму ў хлопца нічога не засталося на твары, а ў майго мужа — на руках. Ніводнай драпіны! Да таго ж чалавек, які на відэа, б’е Лукашука і ўцякае — гэта 100% не мой муж. Той чалавек стаіць з шырока расстаўленымі нагамі. Відаць, што высокі. А мой муж невысокі — каля 1,70. Я — 1,62, і ён ненашмат вышэйшы. Муж сутуліцца, калі стаіць, трымае ногі разам. Я калі ўсе гэтыя відэа пабачыла, Максіма адразу пазнала. Напрыклад, на відэа бачна, як яго спыняюць ахоўнікі. Здараецца гэта ў момант, калі ўцякаў той чалавек, які ўдарыў Лукашука. Можа, ён, калі ўцякаў, Максіма і зачапіў. Я пытаюся: “Ты чаго за ім бег?” А ён нават гэтага не памятае.
Дарэчы, бацька забітага гандбаліста згодны з назіраннямі жонкі асуджанага. Ён працягвае настойваць на сваім. Спартсмены, якіх падазрае Аляксандр Лукашук, па-сапраўднаму падаюць надзеі. У жніўні на моладзевым чэмпіянаце свету па гандболе ў Бразіліі зборная Беларусі заняла высокае 6-е месца. З галоўным сведкам забойства Максімам Сончыкам Еўрарадыё доўга дамаўлялася на сустрэчу. Але яна не адбылася.