Клуб “Рэактар” выставілі на продаж?
За памяшканне ў цэнтры Мінска пад клуб ці канцэртную пляцоўку просяць 900 тысяч долараў.
У інтэрнэце з'явілася абвестка пра продаж забаўляльнага комплексу ў цэнтры Мінска пад клуб, рэстаран ці канцэртную пляцоўку. У ёй указана, што памяшканне знаходзіцца ў асобным будынку, можа працаваць кругласутачна, а яго плошча перавышае 1000 квадратных метраў. Тэлефануем па ўказаным тэлефоне і прадстаўляемся патэнцыйнымі пакупнікамі.
“Гэтае месца было раскручанае, яно, так бы мовіць, у цэнтры знаходзіцца, — абмяжоўваецца сухім апісаннем агент. — Лепш за ўсё памяшканне падыходзіць пад начны клуб ці канцэртную пляцоўку, магчыма абыграць варыянты з казіно. Там на 80% зроблены рамонт, пастаўленая дарагая еўрапейская сістэма вентыляцыі, зробленая акустыка столі”.
За права доўгатэрміновай арэнды памяшкання, якое належыць Галоўнаму гаспадарчаму ўпраўленню, агенты просяць 900 тысяч долараў. І дадаюць, што яшчэ 9 тысяч долараў каштуе штомесячная арэнда. Падчас размовы прадавец ускосна пацвярджае, што комплекс — гэта былы клуб “Рэактар”.
Сённяшні гаспадар клуба катэгарычна адмаўляе магчымасць продажу клуба, хаця іншых падобных па апісанні будынкаў у Мінску, няма.
“Гэта толькі падаецца, што нічога не адбываецца, проста звонку мы нічога не робім, а ўнутры рамонт ідзе, і ён ужо на адсоткаў 80 гатовы. Проста па некаторых прычынах мы прыпыніліся, але яго ніхто не прадае”.
Так зараз выглядае ўваход у клуб
“Рэактар” быў выкуплены бізнесменамі з Расіі і закрыты на рамонт амаль 2 гады таму. Апошні канцэрт у клубе (“Дударскі фэст”), адбыўся 15 траўня 2011 года. На пачатку там вяліся актыўныя працы, з’яўлялася інфармацыя, што канцэртны клуб чакае дарагога гукавога абсталявання з Лондана, потым паўзлі плёткі, што яго пераробліваюць у казіно, але дагэтуль ніякай дакладнай інфармацыі не было. Мінулай восенню стала вядома, што ўладальнікі працягнулі доўгатэрміновую арэнду з ГГУ.
Дарэчы, за дзень абвестку ў інтэрнэце прагледзела больш за 600 чалавек. Цалкам магчыма, што гаспадары проста вывучаюць попыт на гэтае памяшканне.