Кныровіч: палітыкам трэба менш гаварыць пра палітвязняў. Што?!
Наталля Хершэ
Штодзённыя размовы пра палітвязняў могуць пагаршаць, а не паляпшаць іх становішча? Над такой нечаканай тэзай прапанаваў паразважаць гледачам і чытачам Еўрарадыё Аляксандр Кныровіч.
Ён прызнаецца, што гэта не ягоная прапанова — з такім пытаннем да яго надоечы звярнуўся сябра.
— Калі палітык кажа, што яго галоўная мэта — вызваленне палітвязняў, мы ставімся да яго, як да чалавека, які робіць добрую справу. Але тым жа самым мы падвышаем цану гэтых палітвязняў для Лукашэнкі.
Калі б мы не гаварылі пра гэта, магчыма, палітвязням было б лепей, і яны выйшлі хутчэй? Бо не была б іх цана для Лукашэнкі такой вялікай.
Я не ведаю, наколькі гэтая думка справядлівая — яна не мая, — прызнаецца Кныровіч.
Ён параўноўвае беларускія ўлады з гандляром на гратэскным усходнім базары. Той не ведае цану свайго тавару, але глядзіць, ува што апрануты пакупнік, колькі ў яго можа быць грошай — і сыходзячы з гэтых дадзеных называе цану.
— А калі вы хапаеце тавар і не адпускаеце яго, чалавек з таго боку разумее, што для вас гэта нешта вельмі каштоўнае. І цэны падвышаюцца. Думка парадаксальная, я прапаную проста паразважаць на гэты конт, — кажа Кныровіч.
Кныровіч зазначае: ён кажа выключна пра асвятленне палітвязняў у публічнай прасторы. Прытым ён не ставіць пад сумнеў абавязак дэмакратычных лідараў на кожнай сустрэчы з еўрапейскімі палітыкамі падымаць пытанне тэрміновага вызвалення палітвязняў.
— Калі ў Паўла Латушкі ёсць магчымасць дамовіцца з кіраўніцтвам польскага Сейму аб спыненні кітайскага транзіту па чыгунцы, калі не адбудзецца неадкладнага вызвалення, калі гэта рэальна — дык Пал Палыч павінны гэта зрабіць.
Але не трэба аб гэтым крычаць на кожным рагу і прадаваць гэтую ідэю гледачам Еўрарадыё — трэба рабіць.
Успомнім, як была вызваленая Наталля Хершэ. Ніводны швейцарскі палітык не ладзіў дэманстрацыю перад консульствам Беларусі. Не — швейцарскія дыпламаты працавалі з беларускім рэжымам і рабілі ўсё, каб Наталля Хершэ выйшла на волю. І зрабілі. А калыханне паветра, як бачым, не прыводзіць да выніку.
Ці блізкі вам такі падыход?
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.