У кастрычніку ў Беларусі былі 366 выпадкаў палітычна матываваных рэпрэсій
Колькасць палітвязняў у РБ расце
У кастрычніку ў Беларусі былі 366 выпадкаў палітычна матываваных рэпрэсій (у верасні захоўваўся "крытычна высокі ўзровень рэпрэсій"). Гэта і крымінальны, і адміністрацыйны пераслед (судамі разгледжана не менш за 246 адміністрацыйных спраў), пішуць праваабаронцы "Вясны". Яны падрыхтавалі агляд сітуацыі з правамі чалавека ў нашай краіне ў мінулым месяцы. У ім адзначаецца, што ў Беларусі "працягваюцца адвольныя рэпрэсіі ў дачыненні да палітычных сапернікаў рэжыму і іншадумцаў", а ўзровень крымінальнага і падобнага з ім адміністрацыйнага пераследу "па-ранейшаму крытычна высокі".
Падкрэсліваецца, што напярэдадні абвешчаных на 26 студзеня 2025-га прэзідэнцкіх выбараў "колькасць адвольных затрыманняў з рысамі і прыкметамі гвалтоўных знікненняў павялічылася".
На канец кастрычніка 2024 года ў Беларусі налічвалася 1299 палітвязняў (цяпер ужо больш за 1300). У мінулым месяцы праваабаронцы прызналі палітвязнямі 35 чалавек.
У магілёўскай калоніі памёр палітвязень, грамадзянін Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Шлетгаўэр. Ён прабыў там менш за месяц.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.