Колішні актывіст "Белага легіёна" Зміцер Шыракапытаў знойдзены павешаным

Колішні актывіст "Белага легіёна" Зміцер Шыракапытаў знойдзены павешаным

У нядзелю, 11 чэрвеня знойдзены павешаным колішні актывіст "Маладой грамады" і "Белага легіёна" Зміцер Шыракапытаў. Пра гэта напісаў на сваёй старонцы ў Facebook яго сябра Сяргей Марцалеў.

Мяркуючы па профілі ў Facebook, Змітру Шыракапытаву было 37 гадоў. На яго імя было адкрытае індывідуальнае прадпрыемства, якое займалася абслугоўваннем лакальных сетак і сеткага абсталявання, сервераў, кампутараў і аргтэхнікі.

Тэлефоны Шыракапытава адключаныя.

"Белы легіён", актывістам якога ў мінулым быў Зміцер Шыракапытаў, — спартова-патрыятычная арганізацыя, якая падпольна працавала ў Беларусі ў 1990-я. У 1996-1999 гадах у "Белым Легіёне" было прыкладна 200 чалавек. "Легіянеры" ўдзельнічалі ва ўсіх буйных акцыях апазіцыі канца 1990-х. Але пасля 1999 года арганізацыя, фактычна, спыніла сваю дзейнасць. Частка сяброў БЛ сышла ў бізнес, іншыя былі заўважаныя ў ахове апазіцыйных лідараў.

21 сакавіка 2017 года колішніх сяброў "Белага легіёна" пачалі затрымліваць пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што беларускія спецслужбы разграмілі лагер для падрыхтоўкі баевікоў, што знаходзіўся ў лесе паміж Асіповічамі і Бабруйскам. Неўзабаве па БТ паказалі прапагандысцкі фільм "Белы легіён чорных душ", у якім у бок сяброў арганізацыі прагучалі абвінавачанні ў падрыхтоўцы баевікоў.

Аднак звестак пра тое, што сярод затрыманых быў Зміцер Шыракапытаў, няма.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі