Заснавальнік “Белага легіёна”: Нехта стварае карцінку адмыслова для Лукашэнкі

Заснавальнік “Белага легіёна”: Нехта стварае карцінку адмыслова для Лукашэнкі

Даведка Еўрарадыё: Сяргей Бульба (Чыслаў) — заснавальнік беларускага “Белага легіёна”, незарэгістраванай спартыўна-патрыятычнай арганізацыі, створанай як моладзевае крыло Беларускага згуртавання вайскоўцаў. Мэта арганізацыі — выхаванне нацыянальна арыентаванай моладзі для службы ў беларускім войску, міліцыі і спецслужбах. Сябры арганізацыі вывучалі гісторыю Беларусі, размаўлялі на беларускай мове, удзельнічалі ў археалагічных раскопках.

Еўрарадыё: Спачатку заява Лукашэнкі пра затрыманых баявікоў у лясных лагерах, а потым і затрыманне, сярод іншых, былога ўдзельніка “Белага легіёна” Міраслава Лазоўскага ― што за ўсім гэтым стаіць, на ваш погляд?

Сяргей Бульба: Як толькі некалькі дзён таму з’явіўся ліст нібыта ад імя “Белага легіёна”, стала зразумела, што некаму неабходны вораг у краіне. Гэта пры тым, што “Белы легіён” не працуе ўжо 12 гадоў ― з моманту прыняцця ўладамі закона наконт дзеяння ад імя незарэгістраваных арганізацый. Калі спачатку я дапускаў, што тая ўлётка ― прадукт апантаных шчырых патрыётаў, якім хочацца, каб нехта прыйшоў і за іх вырашыў іх пытанні, то цяпер я разглядаю два іншыя варыянты. Альбо ўлады самі хочуць паўтарыць разгон, які быў у 2010 годзе, каб зноў запалохаць народ. Альбо ― гэта някепская расійская камбінацыя. Хаця, і ў 2010 годзе праз непрафесіянала Зайцава (Вадзім Зайцаў ― з 2008 па 2012 гады старшыня КДБ) расіяне скідвалі шмат інфармацыі пра тое, што тут апазіцыя рыхтуецца да перавароту. Цяпер адбываецца тое самае: ўладам закінулі страхі і паказалі ворагаў.

У мяне ўражанне, што нехта стварае карцінку адмыслова для Лукашэнкі. Нагадаю, гады два таму ўсе прэзідэнцкія аналітычныя цэнтры прагназавалі хвалю нацыянальнага ўздыму. І наверсе прынялі рашэнне, ўзначаліць працэс. Але так, каб прайсці паміж нацыяналістамі і Расіяй. Але тут сітуацыя ў тым, што Лукашэнка патрэбны Расіі ў тым выпадку, калі ён знішчае нацыяналістаў і змагаецца з нацыяналізмам. А калі ён стане хаця б памяркоўным да іх ― ён ужо ім не патрэбны. Разуменне гэтага, плюс страх перад акцыямі пратэсту, і атрымліваем у выніку такую рэакцыю на нейкую паперку, якая не мае ніякага дачынення да рэчаіснасці. І таму я нават не выключаю таго, што выцягнуць нейкі з афіцыйна зарэгістраваных у тым рэгіёне патрыятычных летнікаў, а такія ёсць, і пакажуць, што гэта ўсё ідзе ў адной звязцы.

Еўрарадыё: Ёсць інфармацыя пра затрыманне чалавека, які не меў ніколі ніякага дачынення да “Белага легіёна”, але быў звязаны з футбольнымі фанатамі…

Сяргей Бульба: А яны даўно ўжо разглядаюць усе гэтыя суполкі ў адной звязцы!

Еўрарадыё: Абвінавачванні ў арганізацыі масавых беспарадкаў гучаць досыць страшна…

Сяргей Бульба: Бо ў гэтым ― страхі ўлады, якая сама сябе запалохвае. Я пакуль не маю пацвярджэння гэтай інфармацыі, але, нібыта, акурат для стварэння неабходнай карцінкі, арыштавалі яшчэ двух былых сяброў “Легіёна” ― аднаго з Міністэрства ўнутраных спраў і аднаго з Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Усё гэта, каб паказаць, што тут цэлая змова: у іх свая агентура і тут, і там, і летнікі. І ўсё складваецца ў адну карцінку, каб зноў, як у 2010 годзе, запалохаць Лукашэнку. Бо аб’ём інфармацыі вялікі і ён, хутчэй за ўсё, чытае толькі тое, што яму на стол кладуць. А гэта выбарка, з дапамогай якой і фарміруюцца яго думкі. Хто гэтым займаецца ― расійская ці нейкая іншая агентура, гэтага я не ведаю, але вынік мы бачым.

Еўрарадыё: Навошта да гісторый з тымі ж лагерамі баявікоў прыцягваць Украіну?

Сяргей Бульба: Бо страшна. Асабіста я прыклаў шмат намаганняў да таго, каб у Беларусі было ўкраінскае тэлебачанне, каб беларусы маглі з прагляду розных тэлеканалаў складваць сваё ўражанне пра тое, што там адбываецца. Але я сутыкнуўся з тым, што чыноўнікі відавочна баяцца даць некаму магчымасць агучваць іншыя думкі. Таму паўсюль тое ж БТ прыплятае Украіну ― гэта такі шаблон для страхаў.

Еўрарадыё: Вы цалкам выключаеце верагоднасць таго, што групоўка нейкіх радыкалаў магла і сапраўды задумаць нейкую ўзброеную правакацыю?

Сяргей Бульба: Хай улады лепш турбуюцца за тых, хто ваяваў за ДНР/ЛНР, а цяпер вярнуўся ў Беларусь, і спакойна тут асеў. Нашага міністра МУС гэта не хвалюе. Але я б на іх месцы там пашукаў патэнцыйных змоўшчыкаў.

Еўрарадыё: Яны ж нібыта дзеючую беларускую ўладу падтрымліваюць?

Сяргей Бульба: Не факт ― яны падтрымліваюць Расію, а не Лукашэнку. І Лукашэнка ім падабаўся толькі пакуль ён плыў у рэчышчы Расіі. Калі ён заводзіць сваю гульню, ён ім не патрэбны.

Еўрарадыё: Вашы прагнозы, будуць яшчэ затрыманні і колькі іх можа быць?

Сяргей Бульба: Калі б мы ведалі, хто за гэтай гульнёй стаіць, то маглі б нешта прагназаваць. А так, гэта ўсё марна.

Нагадаем, што увечары 21 сакавіка ў Мінску былі затрыманыя кнігараспаўсюджвальнік Алесь Яўдаха і адзін з былых кіраўнікоў "Белага легіёна" Міраслаў Лазоўскі. Па інфармацыі Еўрарадыё, Алеся Яўдаху абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Таксама ўначы затрымалі Андрэя Дундукова. Пра прычыны затрымання пакуль нічога не вядома. Дундукоў у мінулым быў актывістам дэмакратычнага руху. Пра яго таксама вядома, як пра аматара экстрэмальнага турызму з досведам скачкоў з парашутам, страйкбола.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі