Колькасць палітвязняў можа значна зменшыцца ўжо сёлета

“Ён (Андрэй Гайдукоў — Еўрарадыё) можа выйсці восенню па УДВ, так. Калі гэта будзе да яго прымяняцца. Палова тэрміна хутка скончыцца. А потым ён павінен выконваць патрабаванні адміністрацыі і не парушаць рэжым адбывання”, — кажа праваабаронца Уладзь Лабковіч пра Андрэя Гайдукова.

Гайдукова асудзілі літаральна на днях і праваабаронцы адразу ж прызналі яго новым беларускім палітзняволеным. Аднак на волю ён можа выйсці адным з першых і без усякіх прашэнняў. Здарыцца гэта можа ўжо ў верасні. Калі ж умоўна-датэрміновага вызвалення не адбудзецца, то дадому Гайдукоў павінен трапіць у траўні наступнага года.

А першым з палітвязняў на свабодзе родныя чакаюць Змітра Дашкевіча. З-за муроў гродзенскай турмы ён павінен выйсці 28 жніўня. Прынамсі, у гэты дзень скончыцца яго другі тэрмін.

Пра патэнцыйную небяспеку Еўрарадыё расказвае яшчэ адзін палітвязень — Павел Севярынец. Цяпер ён знаходзіцца на так званай “хіміі” у Брэсцкай вобласці. Свабоду атрымаць павінен 19 кастрычніка. Але пра вызваленне разважае асцярожна. Гаворыць, што працягнуць яго тэрмін можна праз любую драбязу.

“Працягнуць тэрмін можна за некалькі парушэнняў. Дастаткова двух, а пасля трэцяга ўжо будзе адпраўка на зону. Парушэнні могуць быць любымі, як і спосабы ціску”.

Сярод парушэнняў — непаслушэнства ў адносінах з адміністрацыяй пасялення, спазненні і п’янства. І калі алкаголь сустаршыня БХД не ўжывае прынцыпова, то ад іншых парушэнняў не застрахаваны.

Прыкладна ў адзін час з Севярынцам на волю павінен выйсці анархіст Аляксандр Францкевіч — яго тэрмін заканчваецца ў верасні. У красавіку 2014 года павінен вызваліцца Мікалай Аўтуховіч а ў снежні 2014 — паплечнік Дашкевіча Эдуард Лобаў. Наступны на чарзе — анархіст Мікалай Дзядок. Ён павінен вызваліцца ў сакавіку 2015 года.

У лютым 2016 павінен вызваліцца старшыня "Вясны" Алесь Бяляцкі. А пад канец 2016 года, у снежні, экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч. Яго жонка Марына Адамовіч гаворыць, што можа бачыцца з мужам не больш за два разы на год.

“Турэмны рэжым у прынцыпе дазваляе не больш дзвюх сустрэч на год. У строгім рэжыме — адна сустрэча. Вось Мікола так сядзеў і там была адна сустрэча. А цяпер, калі нічога не адбудзецца, то Мікола будзе мець права на дзве”.

Апошняя такая сустрэча адбылася некалькі дзён таму — 2 ліпеня. На ёй Статкевіч паведаміў, што не будзе пісаць прашэння аб памілаванні нават калі яго аб гэтым папросяць усе грамадзяне краіны.

Апошнімі з палітвязняў на волю павінны выйсці анархісты. У студзені 2018 года заканчваецца тэрмін у Яўгена Васьковіча і Арцёма Пракапенкі, а ў лістападзе — у анархіста Ігара Аліневіча. Праўда, да таго часу ў Беларусі ўжо пройдуць новыя прэзідэнцкія выбары і колькасць зняволеных па палітычных прычынах мае ўсе шансы павялічыцца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі