Колькі беларусы заплацяць за падаражанне паліва на 1 капейку

Колькі беларусы заплацяць за падаражанне паліва на 1 капейку

Уночы на 11 сакавіка канцэрн "Белнафтахім" упершыню за два гады павысіў цэны на аўтамабільнае паліва. Рост склаў у сярэднім 1 капейку. Здаецца, дробязь. Асабліва пасля дэнамінацыі — бо на "старыя" грошы літр паліва падаражаў бы на сто рублёў, якія хаця б неяк можна асэнсаваць.

Чалавек, які запраўляе поўны бак легкавіка, аддасць на 50-60 капеек больш, чым раней. А колькі беларусы заплацяць за падаражэнне паліва ўвогуле? Каб вылічыць гэта, трэба звярнуцца да афіцыйнай статыстыкі.

За год у Беларусі ў сярэднім спажываецца 80 кг бензіну і 51,2 кг дызельнага паліва на чалавека. Чамусьці Белстат лічыць усё гэта ў кілаграмах, а самыя свежыя з апублікаваных звестак — за 2015 год. Але з таго часу ні колькасць жыхароў Беларусі, ні спажыванне паліва прынцыпова не змяніліся.

Каб перавесці кілаграмы паліва ў літры, улічым сярэднія паказчыкі шчыльнасці. Для ўсіх відаў бензіну гэта 0,730 кг/літр, для дызелю — 0,769 кг/літр. У 80 кг бензіну ― 109,5 літра, у 51,2 кг дызелю — 66,5 літра.

Агулам на чалавека выходзіць 176 літраў паліва. Памнажаем на 9498400 — насельніцтва Беларусі на 1 студзеня 2016 года, і атрымліваем амаль 1,67 млрд літраў паліва.

Памнажаем на адну капейку і атрымліваем 16,7 млн рублёў, ці $8,7 млн — менавіта столькі беларусы за год заплацяць за павышэнне коштаў на паліва.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі