Колькі каштуе абслугоўванне ліфта?
З 1 студзеня, мы, магчыма, будзем аплачваць карыстанне ліфтам у 100% памеры. Праз гэта паслуга падаражэе адразу ў 5 разоў.
Што хаваецца за радком “карыстанне ліфтам” у “жыроўцы”? Цяпер мяне гэта цікавіць, бо якраз учора і сёння мой ліфт на вуліцы Герасіменка пачаў асабістую “рэвалюцыю”. То ён не едзе на першы паверх, а толькі на пяты, то адмаўляецца ехаць куды-небудзь увогуле.
Намеснік галоўнага інжынера “Белліфта” Віктар Пашкін спрабуе патлумачыць тэрмін.
“Мы аказваем паслугу “тэхабслугоўванне”. Гэта перыядычныя агляды вузлоў, механік праводзіць свае работы раз на месяц, таксама раз на год праводзіцца гадавое тэхабслугоўванне. Але вам у ЖРЭА лепей тэлефанаваць. Яны ведаюць расцэнкі. У жыроўцы ж не толькі тэхабслугоўванне, але і нейкія выдаткі на сілавую энергію”, — мяркуе Віктар Віктаравіч.
У прыватным ЖЭСе “Аймалін” распавядаюць, якія сумы з “Ліфтсервісу” прысылаюць за абслугоўванне ліфта.
“Агляд спецыяліста, які адказвае за бяспеку і месячнае абслугоўванне, — дзве паслугі. Адзін трохпад’ездны дом на 10 паверхаў абыходзіцца нам прыкладна ў 900 000 рублёў. Нешта жыхары плацяць, нешта датацыі. Але я не ведаю, як налічваюцца гэтыя сумы і зыходзячы з чаго, за якія працы”, — кажуць у прыватным ЖЭСе.
У маім доме адзін пад’езд і 108 кватэр. Калі нават у кожнай кватэры прапісана па два чалавекі, з нашага дома можна сабраць каля паўмільёна ў месяц. Гэта ўжо 57% ад месячнага абслугоўвання ліфта ў “Ліфтсервісе”.
Але бухгалтарка Наталля з разлікова-даведкавага цэнтра ЖЭСа №74 з гэтым не згодная. Кажа, што жыхары пакрываюць са сваёй аплаты толькі 30%.
“Вельмі мала плаціцца за ліфт. А ліфты ламаюцца, у многіх дамах іх трэба мяняць, бо вычарпалі рэсурсы”, — кажа Наталля. У ЖЭСе дадаюць, што на замену адной кабіны патрабуецца каля 400 мільёнаў. Столькі каштуе не самы просты аўтамабіль!
Цяпер плата з аднаго прапісанага ў кватэры за карыстанне ліфтам мізэрная — 2392 рублі ў месяц. Поўнае пакрыццё выдаткаў на ліфты — 13100 рублёў з чалавека. Калі з наступнага года мы пачнем плаціць поўную цану карыстання ліфтам, гэтая сума павялічыцца ў 5,5 разоў.