Колькі пацыентаў з COVID-19 у Беларусі лечыцца дома?
У Беларусі тысячы пацыентаў з пацверджаным COVID-19 лечацца дома / unsplash.com
Частка пацыентаў з пацверджаным COVID-19 у Беларусі лечыцца ў хатняй самаізаляцыі. Мінздароўя сцвярджае, што гэта людзі, у якіх захворванне праходзіць у лёгкай форме, але не паведамляе, колькі іх. На раніцу 27 траўня вядомая толькі агульная лічба тых, хто працягвае лячэнне ад каранавіруснай інфекцыі, — 23 033 чалавекі.
Апошняя афіцыйная інфармацыя пра колькасць ложкаў, адведзеных у Беларусі для хворых на каранавірусную інфекцыю, агучвалася ў пачатку траўня. У "чырвоных зонах" было занята 12,8 тысячы месцаў з 18,6 тысячы.
З тых часоў колькасць бальніц, перапрафіляваных пад COVID-19, магла павялічыцца. Напрыклад, "Наша Ніва" пісала, што ў рэжыме інфекцыйнага шпіталя пачынаюць працаваць Пінская цэнтральная бальніца і Мінская абласная бальніца ў Бараўлянах. Гэта магло сведчыць пра тое, што 18,6 тысячы ложкаў, выдзеленых у Беларусі для каранавірусных хворых, стала не хапаць яшчэ ў першай дэкадзе траўня. Аднак афіцыйнай інфармацыі на гэты конт не было.
А калі зыходзіць з апошніх агучаных чыноўнікамі лічбаў, як мінімум 4,4 тысячы пацыентаў з пацверджаным каранавірусам лечацца дома. Гэта пры поўнай загрузцы ўсіх бальніц, адведзеных для лячэння кавідных хворых на пачатак траўня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.