Кошты на нафту ўжо ніжэйшыя за 33 долара
Кошты на нафту на таргах 7 студзеня імкліва падаюць на фоне абвалу кітайскай біржы. Напрыклад, калі ў пачатку дня нафта маркі Brent каштавала меней за 34 долара за барэль, то затым знізілася да 32,9 долара. Нафта WTI таргавалася па 32,69 долара за барэль, перадае ВВС.
Асноўнай прычынай падзення коштаў на нафту стаў абвал кітайскага фондавага рынку. У чацвер пасля падзення каціровак болей чым на 7% таргі на асноўных пляцоўках краіны былі спыненыя. Гэта здарылася ў другі раз за апошні тыдзень.
У сваю чаргу гэты абвал быў справакаваны зніжэннем курса юаня да мінімальнага значэння з сакавіка 2011 года — 6,5 юаня за долар. Інвестары палічылі такое зніжэнне прыкметай аслаблення кітайскай эканомікі. Цяпер эксперты мяркуюць, што гэта прывядзе да чарговага вітка зніжэння попыту на нафту. Кітай з’яўляецца найбуйнейшым у свеце пакупніком энергарэсурсаў.
Згодна з прагнозамі экспертаў, у бліжэйшыя дзесяць дзён кошты на нафту ўпадуць да 30 долараў за барэль. У першым паўгоддзі сёлета кошты застануцца на нізкім узроўні, а потым пачнуць павольна расці.
Фота: svoboda.org