Крымчане спяшаюцца ў Расію, а расіяне раяць адумацца
А таксама абмяркоўваюць, ці ляснецца мясцовы турызм. Еўрарадыё сабрала абмеркаванні ў сацсетках вакол канфлікту ў Крыме
Самыя актыўныя баі разгарнуліся “ВКонтакте”.
Некалькі дзён таму ўкраінскія памежнікі казалі пра 30 тысяч расійскіх вайскоўцаў у Крыме, а ўкраінскае Мінабароны налічыла 18 тысяч. Але нейкіх нараканняў на прысутнасць такой колькасці людзей у форме, дагэтуль “невядомых”, у прынцыпе ніхто не выказвае. А суполка “Русский Севастополь” раіць пільнаваць пашпарты:
“Севастопаль, магчыма, і іншыя гарады Крыма. Цяпер ходзяць па дамах людзі пад выглядам апытання для рэферэндуму, а самі выхопліваюць пашпарты і збягаюць з імі і тут жа рвуць іх. Не адчыняйце дзверы! Ніхто ніякія перапісы па рэферэндуме не праводзіць”.
Таксама карыстальнікі паведамляюць аб далейшым наплыве ў Крым невядомых узброеных:
“Да нас у Керч некаторыя таксісты за добрае ўзнагароджанне, мінаючы блокпасты, правозяць узброеных людзей (інфа таксіста, які адмовіўся браць у гэтым удзел)”.
У сваёй большасці моладзь, хіба, этнічныя расіяне, вылучае пазітыў наконт магчымасці ўвайсці ў склад Расіі. Але знаходзяцца і тыя, хто пярэчыць такому развіццю падзей. Прозвішча аднаго з такіх карыстальнікаў выдае ў ім крымска-татарскае паходжанне.
“Я не асуджаю тых, хто за Расію, проста прашу зразумець, што ўступленне Крыма ў РФ у першую чаргу выйдзе бокам для нас, крымчан, бо Крым жыве толькі за кошт турызму. У нас няма ні вады, ні газу, нічога, таму за ўсё гэта прыйдзецца плаціць удвая даражэй”, — зазначае карыстальнік.
Некаторыя чамусьці лічаць, што “пры Расіі” турызм на паўвостраве будзе квітнець:
“Пабудуем мост алімпіядаўскімі тэмпамі, і паедуць да нас нармальныя рускія людзі адпачываць, і з усходу Украіны паедуць. Ад “бандэр” з іх бульбай усё роўна толку не было…”
Дзяніс Ісаеў прапануе ўкраінскім вайскоўцам, якія нясуць службу ў Крыме, ледзь не пераварот і рэванш. Вось што ён піша:
“У каго ёсць сябры, сваякі ва ўкраінскай арміі, няхай ім тэлефануюць і пішуць СМС прыкладна такога зместу: “Сын (брат, муж), не трэба вайны. Мы брацкія народы. Лепей дапамажыце прагнаць карычневую чуму і здраднікаў з Кіева”.
Расіяне ў суполках накшталт “Русский Севостополь” нібыта падтрымліваюць імкненне крымчан уліцца ў іх краіну. Але не ўсе. Карыстальнік з расійскага Паўночнага Каўказа раіць адумацца і звярнуць увагу на тое, што па ўзроўні жыцця Расія ў 6-й дзясятцы, хоць і самая багатая краіна ў свеце, а па ўзроўні карупцыі — побач з Нігерыяй. А іншы расіянін сцвярджае, што эйфарыя ў крымчан хутка скончыцца:
“У Расіі не цукар, я вам кажу як рускі, які жыве на паўночным захадзе Расіі. Усё тое ж самае як пры вашым Януковічу, ад урада толькі хлусня. Ды шмат чаго ёсць сказаць, але калі ўступіце, зразумееце”.
Нагадаем, рэферэндум аб статусе Крыма адбудзецца 16 сакавіка. Цікава, што нават у апытанні на старонцы Дзмітрыя Яраша, лідара “Правага сектара”, прыкладна 75% выказалася за тое, што Крым мусіць знаходзіцца ў складзе Расіі.
Фота: ibtimes.co.uk