Крышціяну Раналду абнавіў рэкорды Лігі чэмпіёнаў

Крышціяну Раналду абнавіў рэкорды Лігі чэмпіёнаў

15 верасня прайшлі восем матчаў 1-га тура групавога раўнда футбольнай Лігі чэмпіёнаў. У групе "А" мадрыдскі "Рэал" разграміў данецкі "Шахцёр" — 4:0. Тры галы, два з якіх з пенальці, забіў Крышціяну Раналду. Дарэчы, 30-гадовы форвард абнавіў адразу два рэкорды Лігі чэмпіёнаў. На яго рахунку ўжо 11 рэалізаваных пенальці і ён апярэдзіў ранейшых рэкардсменаў партугальца Луіша Фігу і Руда ван Ністэлроя з Нідэрландаў, у якіх было па 10. Таксама Раналду абагнаў нападаючага "Барселоны" Ліянэля Месі па колькасці забітых галоў у турніры. Іх у яго стала 80, у Месі — 77. Крышціяну Раналду стаў аўтарам 33-га хет-трыка ў складзе "Рэала". Ранейшы рэкорд устанавіў Ліянэль Месі, які ў матчах за "Барсу" аформіў 32 хет-трыка.

У іншым матчы гэтай групы парыжскі ПСЖ выйграў на сваім полі ў шведскага "Мальме" — 2:0.

У групе "В" маскоўскі ЦСКА (нагадаем, у яго трэнерскім штабе працуе беларускі спецыяліст Віктар Ганчарэнка) прайграў у гасцях нямецкаму "Вольфсбургу" — 0:1. Галандскі ПСВ выйграў у англійскага "Манчэстар Юнайтэд" — 2:1.

У групе "С" турэцкі "Галатасарай" прайграў іспанскаму "Атлетыка" — 0:2, а партугальская "Бенфіка" перамагла казахстанскую "Астану" з такім жа лікам.

У групе "D" англійскі "Манчэстар Сіці" саступіў на сваім полі турынскаму "Ювентусу" — 1:2, а іспанская "Севілья" разграміла "Барусію" з Менхенгладбаха — 3:0.

У сераду прайдуць яшчэ восем матчаў групавога раўнда Лігі чэмпіёнаў:  

"Баер" — БАТЭ, "Рома" — "Барселона", "Дынама" (Заграб) — "Арсенал", "Алімпіякас" — "Баварыя", "Дынама" (Кіеў) — "Порту", "Чэлсі" — "Макабі", "Валенсія" — "Зеніт", "Гент" — "Ліён".

Фота: AFP

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі