Ксяндза Уладзіслава Завальнюка спрабавалі затрымаць каля Чырвонага касцёла
Міліцыя каля Чырвонага касцёла / t.me/christianvision
Ксяндза Уладзіслава Завальнюка, плябана каталіцкай парафіі святых Сымона і Алены, у аўторак спрабавалі затрымаць каля Чырвонага касцёла ў Мінску. Ён маліўся на падворку каля зачыненых дзвярэй храма, калі з'явіліся міліцыянеры. Яны збіраліся яго затрымаць, але ў выніку перадумалі, піша @christianvision.
Калі а 17-й гадзіне каля касцёла на малітву сабраліся два дзясяткі вернікаў, міліцыянеры патрабавалі, каб яны разыйшліся. Жанчын запалохвалі АМАПам.
Чырвоны касцёл быў закрыты для вернікаў і святароў пасля інцыдэнта з узгараннем 26 верасня. Уласнікам касцельнага комплексу з'яўляецца дзяржаўная арганізацыя "Мінская спадчына". Улады вырашылі забраць будынак у парафіі, матывуючы неабходнасцю рамонту. Уладзіслаў Завальнюк напісаў зварот да Аляксандра Лукашэнкі, у якім просіць не пазбаўляць каталікоў храма.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.