Кучма назваў Лукашэнку слугой двух паноў
Леанід Кучма
Аляксандр Лукашэнка на сёння гулец моцны, але не самастойны. Так яго ахарактарызаваў экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма ў інтэрв'ю агенцтву "Інтэрфакс-Украіна".
Адказваючы на пытанне пра цяперашнія беларуска-ўкраінскія адносіны, палітык заявіў: "Я думаю, што ўкраінскае кіраўніцтва вельмі правільна выбрала цяперашнюю мадэль адносін з Беларуссю. Нягледзячы на тое, адкуль пачыналася гэтая вайна і як увесь час выкарыстоўвае беларускую тэрыторыю Расія. Усе ўсё разумеюць. Усе ўсё бачаць. Ніхто нічога не забыўся. Але абодва бакі робяць выгляд, што добрасумленна выконваюць узброены нейтралітэт. І на гэты момант гэта правільна".
Ён згадаў, што беларусы з украінцамі маюць доўгую агульную гісторыю: яны разам былі і ў Вялікім Княстве Літоўскім, і ў Рэчы Паспалітай. І Беларусь раней не давала падставаў, каб Украіна лічыла яе патэнцыйным ворагам.
Гаворачы пра Лукашэнку, украінскі экс-прэзідэнт ахарактарызаваў яго як слугу двух паноў, які манеўруе паміж гаспадарамі: "Лукашэнка патрэбен Пуціну. Беларусь для Пуціна стратэгічна неацэнная — і для вайны супраць нас, і для патэнцыйна непазбежнай канфрантацыі з Захадам. Лукашэнка ж сёння эфектыўна кантралюе сваю краіну, для чаго ў самога Пуціна не хапіла б рэсурсу. Таму я б сказаў, што Лукашэнка сёння — не самастойны, але моцны гулец.
Парадокс у тым, што Лукашэнка двойчы несамастойны — ён залежыць яшчэ і ад Кітая, а не толькі ад РФ. Гэтакі слуга двух паноў. Але гэта дае яму магчымасці манеўраваць, час ад часу выкарыстоўваючы несупадзенне інтарэсаў і супярэчнасці паміж Пекінам і Масквой".
Леанід Кучма быў прэзідэнтам Украіны ў 1994-2005 гадах. Пасля 2014-га пэўны час ён уваходзіў у Трохбаковую кантактную групу, якая ў Мінску вяла перамовы па сітуацыі на Данбасе. У гэтай групе Кучма прадстаўляў Украіну.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.