Курсы “Мова Нанова” запусцілі дадатак для iPhone “Слова дня” (фота)

З’яўленне дадатку стала вынікам супрацы каманды распрацоўшчыкаў з Мінска і выкладчыкаў курсаў “Мова Нанова”. Рускамоўную версію дадатку спампавалі ўжо больш за мільён разоў — і тады стваральнікі вырашылі зрабіць тое самае і для беларускай мовы, бо лічаць яе роднай.

Як вынік — прадстаўлены дадатак “Слова дня” для вольнага спампоўвання ў AppStore.

Задача “Слова дня” — узбагачаць лексіку карыстальнікаў, дэманстраваць багацце беларускай мовы, падахвочваць людзей больш актыўна цікавіцца ёй. Штодня карыстальніку прапануецца адно слова з тлумачэннем і прыкладам. Скажам, “Абапал — па абодва бакі нечага. Там буйна буяюць кусты зеляніны абапал заглухлай старой азярыны" (Якуб Колас).

Пакуль што ў праграму ўведзеныя паўсотні словаў з прыкладамі, іх колькасць будзе стала папаўняцца.

“Мова Нанова” — бясплатныя публічныя курсы беларускай мовы. Праходзяць у Мінску і яшчэ 7 гарадах Беларусі. Тыднёвая аўдыторыя курсаў — больш за 600 чалавек.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі