“Кватэру далі за знесены дом, а цяпер яе прыватызаваць — 130 мільёнаў”

“Дом належаў майму дзеду, ён сам яго пабудаваў. Праводзілі дарогу і дом пайшоў пад знос. Там былі прапісаны тры сям’і. Далі тры кватэры. Дзве трохпакаёўкі і адну двухпакаёўку. І кватэры не прыватызавалі”, — прыгадвае мінчанка Кацярына.

Дом яе дзеда на Абухаўскім завулку зносіўся ў 1984 годзе. Як даведваецца Еўрарадыё, праз 30 гадоў Кацярына мусіць заплаціць 130 мільёнаў рублёў, каб прыватызаваць сваю трохпакаёўку.

“У свой час, калі можна было прыватызаваць, гэтага не зрабілі. Цяпер усё памянялася і сказалі, што мы не маем ніякіх льгот пры прыватызацыі, хоць дом быў пабудаваны сваімі рукамі. У выканкаме падлічылі, што 130 мільёнаў трэба плаціць. 13 мільёнаў адразу і астатняе цягам 40 гадоў”, — пацягвае Кацярына.

Ніякіх льгот пад прыватызацыю такіх кватэр няма, адразу гавораць Еўрарадыё ў адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска. І наракаюць, што час прыватызаваць кватэру, якую далі за дом, быў:

“Ідзе прыватызацыя на агульных умовах. Быў час па старым Жыллёвым кодэксе, было права на бязвыплатную прыватызацыю, калі наймальнік быў уласнікам жыллёвага ўладання і кампенсацыя пры зносе не выплачвалася”.

Але знесены дом — уласны, а кватэра, атрымліваецца, дзяржаўная. Па новым Жыллёвым кодэксе.

“Калі дом быў ва ўласнасці, то і кватэра, відаць, мусіла выдзяляцца ўласная…", — самі здзіўляюцца ў адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска.

І скардзяцца на наплыў жадаючых прыватызаваць кватэру. Прыходзяць да 120 чалавек на дзень!

“На мінулым тыдні, у панядзелак 120 чалавек было. За адзін дзень!”, — дадаюць у адміністрацыі Першамайскага раёна.

Праект указу пра перавод жылых памяшканняў, прадастаўленых па дамове найму, у разрад камерцыйнага жылля ўжо ўзгоднены. Хутка яго перададуць кіраўніку дзяржавы для разгляду.

Новы Жыллёвы кодэкс прадугледжвае аплату за карыстанне дзяржаўным жыллём, прадстаўленым па дамове найму. Сёння ў Беларусі 392 тысячы такіх кватэр. Каб прыватызаваць гэтае жыллё, даюць год.

Фота: arw.gov.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі