Ландсбергіс: На вучэнні сабралі вялікую сілу, Расія можа павесці сябе як вар’ят
Актыўная фаза беларуска-расійскіх вучэнняў “Захад-2017” пачалася ў Беларусі 14 верасня. Паводле легенды вучэнняў, аб’яднаная групоўка войск будзе супрацьстаяць мяцежнай Вайшнорыі ― тэрыторыі Беларусі, якая наўпрост мяжуе з Літвой.
“Літоўскае грамадства занадта напалоханае гэтымі вучэннямі. І здаецца, што мы напалоханыя нават больш, чым таго патрабуе адэкватная сітуацыя”, ― сцвярджае міністр абароны Літвы Раймундас Каробліс.
Наколькі вялікі страх у літоўцаў выклікаюць ваенныя вучэнні ў Беларусі і да чаго гэта можа прывесці, разважае першы кіраўнік незалежнай Літвы Вітаўтас Ландсбергіс.
Еўрарадыё: Сапраўды сярод шараговых літоўцаў пануе вялікі страх, выкліканы вучэннямі “Захад-2017”?
Вітаўтас Ландсбергіс: Па-мойму, цалкам няправільна казаць пра нейкі страх, што мы тут усе напалоханыя. Такая падача скажае сутнасць. Не, магчыма, асобныя людзі і баяцца. Бо хто ведае ― Расія можа павесці сябе як сапраўдны вар’ят. Але ж ты, гуляючы па вуліцы, не можаш асцерагацца таго, што кожны з мінакоў будзе вар’ятам. Проста, разумеючы, што часы неспакойныя і вар’ятаў у прынцыпе шмат, ты паводзіць сябе больш асцярожна і азіраешся па баках. Не тое, каб ты быў перапалоханы ― ты жывеш сваім жыццём, але паводзіш сябе больш пільна і ўважліва. Таму, мы не спалохаліся, нас не так проста напалохаць. Але мы ведаем, з кім можам займець справу ― з безразважнай сілай, у якой апошнім часам свае дзіўнаватыя ідэі: аб велічы, аб гонары і, калі некаму набіць пысу, то на душы палягчае. Мы ўсё гэта разумеем, але страху, пра які вы кажаце, ад таго не маем.
Еўрарадыё: Асцерагацца, што страх, пра які кажа літоўскі міністр абароны, перакінецца на шараговых беларусаў і літоўцы пачнуць, напрыклад, біць машыны з беларускімі нумарамі ля “Акропаліса”, не трэба?
Вітаўтас Ландсбергіс: Такога абсалютна не павінна здарыцца ― мы ж не вар’яты! Калі б да нас прыехала беларускае кіраўніцтва, то яму б пытанні маглі быць зададзеныя. Да прыкладу: “Чаму вы робіце нам такое свінства ― вам не патрэбныя сябры? Вы хочаце нагадзіць суседзям? У вас жа столькі месцаў было для будаўніцтва Беларускай АЭС, вам прапаноўвалі значна лепшыя за Астравец месцы! Але вам, відаць, загадалі будаваць менавіта тут, каб адпомсціць, пакараць Літву за нейкую гістарычную непаслухмянасць. Я здагадваюся, хто з Масквы загадаў выбраць менавіта гэтае антылітоўскае і антыеўрапейскае месца для БелАЭС. Гэта тыя, хто з аднаго боку глядзяць на нас не па-сяброўску, а з другога боку, хочуць пасварыць Беларусь з суседзямі. І асабліва з тым адзіным суседам, які падтрымлівае Беларусь, і які мог бы стаць для яе прыкладам еўрапейскай арыентацыі. Тая сіла, якая не хоча еўрапейскай арыентацыі для Беларусі свядома стварыла сітуацыю супрацьстаяння Беларусі і Літвы. Каму гэта трэба? Я ведаю, каму. Але я не веру, што гэта трэба самой Беларусі і яе народу.
Еўрарадыё: І ўсё ж, ці бачыце вы рэальную пагрозу гэтых вучэнняў для Літвы, Украіны, Польшчы?
Вітаўтас Ландсбергіс: Не толькі ў гэтых вучэннях, але, уласна кажучы, ва ўстаноўцы расійскага кіраўніцтва, няправільнай і шкоднай, што вакол адны ворагі, нібыта ў сталінскія часы. Але гэта ізаляцыя, і Расія з кожным днём ізалюецца ўсё больш ад нармальнага свету. У Расіі лічаць, што калі іх баяцца, то гэта добра. І таму я лічу, што ў гэтых вучэннях пагроза ёсць: вельмі вялікая сіла сабраная, і яна можа стаць некіруемай. Ці гібрыдна некіруемай, нібыта некіруемай. Нехта паслізнуўся, нехта няправільна зразумеў загад ці зморшчаны лоб начальніка. І тады гэта небяспечна.
Еўрарадыё: Вы не выключаеце таго, што гэтыя вучэнні могуць скончыцца нейкім узброеным канфліктам на мяжы з Літвой?
Вітаўтас Ландсбергіс: Я бачыў выказванні амерыканскіх ваеначальнікаў. Маўляў, што калі яны нападуць, то мы іх так разаб’ём, як яны яшчэ ніколі не былі разбітыя. Ці гэта трэба Расіі, каб такія выказванні гучалі публічна? Я разумею, што іншую мову Крэмль не ўспрымае. І вось у ваенных колах дайшлі да разумення таго, што з Крамлём трэба размаўляць на такой мове. Бо над мірнай мовай там толькі смяюцца. І таму я не выключаю нават самага горшага з таго, што можа здарыцца. Ніхто ж не можа гарантаваць таго, што звар’яцелыя кіраўнікі ў Паўночнай Карэі не разыграюць нечага страшанага ў сваё задавальненне, каб парадавацца сваёй магутнасці. На жаль, і раней у прамовах асобных палітыкаў гучалі такія выказванні: “А мы можам іх пабіць!”. І гэта замест таго, каб думаць, як стрымаць небяспечную сітуацыю. Таму…
Еўрарадыё: Якімі вы, на фоне і гэтых вучэнняў, і будаўніцтва БелАЭС, бачыце ў далейшым адносіны паміж нашымі краінамі?
Вітаўтас Ландсбергіс: У Літвы заўжды была добрая воля і жаданне дапамагчы, паспрыяць таму, каб Беларусь не страціла сувязь з Еўропай. І не сышла ў Еўразію як сатэлітная каланіяльная частка Еўразійскай імперыі. Каб яна захоўвала сваю еўрапейскасць і была добрым суседам. У тым ліку і ў заходнім накірунку. А цяпер Захад паказваецца як вораг ― нават у назве гэтых вучэнняў. Такім чынам нехта ўводзіць у свядомасць беларусам і расіянам, што Захад — гэта вораг. Тут няма нічога добрага: людзей рыхтуюць да вайны ці перанакіроўваюць такім чынам іх думкі з існуючых праблем на нешта іншае: “Недзе ёсць вораг, і ён шкодзіць, а інакш у нас усё было б добра”. Што тут сказаць? Шкада, што Беларусь уцягнутая ў гэтую бесперспектыўную і небяспечную глабальную гульню. Як па мне, Літва такога стаўлення да сябе не заслужыла. Я нават думаю, што, магчыма, кіраўнікі Беларусі не па сваёй волі сталі памагатымі гэтага імперыялізму і рэваншызму ў дачыненні да Літвы.