Ландсбергіс звярнуўся да Лукашэнкі: Давай абараняцца ад Масквы разам
Былы кіраўнік літоўскага Сейма Вітаўтас Ландсбергіс звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі. Выступаючы ў Вільні на ўрачыстасці, прысвечанай 99-м угодкам аднаўлення літоўскай дзяржавы, ён заклікаў кіраўніка Беларусі спыніць будаўніцтва Астравецкай АЭС. Таксама палітык крытыкаваў недастатковыя дзеянні цяперашняга кіраўніцтва Літвы ў справе спынення будаўніцтва АЭС у нашай краіне.
Ландсбергіс гаварыў пра "двайны атамны шантаж" Літвы — гэта дыслакацыя "Іскандэраў" у Калінінградскім краі Расіі і будаўніцтва АЭС у Беларусі. "Аляксандр, гібель Літвы цябе не выратуе", — цытуе словы літоўскага палітыка Delfi. Ён нагадаў кіраўніку беларускай дзяржавы пра расійскую небяспеку для яго асабіста. "Давай абараняцца разам", — сказаў Вітаўтас Ландсбергіс.