Ланская: Удзельнічаць у сёлетнім "Еўрабачанні" не буду

“Адназначна не буду ўдзельнічаць”, — запэўнівае Еўрарадыё пераможца мінулагодняга беларускага адбору на “Еўрабачанне” Алёна Ланская. Тым самым заслужаная артыстка Беларусі дае дарогу на галоўны песенны конкурс Еўропы калегам па цэху.


А яны ўжо гатовыя. Калі не ўзяць рэванш, дык проста напрацаваць досвед. Прынамсі, мінулагоднія канкурэнты Ланской — гурт Nutekі, які заняў другое месца на нацыянальным адборы.


"Гатовая песня і зняты кліп, — распавядае Еўрарадыё мэнэджар “Нутэкаў” Максім Максімаў. — Гэта будзе песня іншага фармату, рок-балада, таму што Nutekі — усё ж рок-гурт. Яна меладычная, яна цікавая, спадзяемся, яна будзе цікавай для слухачоў".


Мнагакратны прэтэндэнт на ўдзел у “Еўрабачанні” Юзары не спяшаецца. Маўляў, можна ўсё зрабіць у апошні дзень — 24 лістапада, ды і матэрыялу новага хапае. Аднак, ці варта чарговы раз уваходзіць у адну і тую ж раку?


"Я думаў пра гэта, але сыходзячы з мінула- і пазамінулагодняга досведу, неяк не вельмі хочацца гуляць на вынік у адзін бок. Неяк не цікава. Таму не ведаю, — задуменна адказвае спявак. — Гэта будзе залежаць ад таго, у якім я буду настроі… Але зноў жа: не хочацца гуляць у адзін бок. Трэба шанец даваць усім, каб усе былі на роўных умовах".


Прадзюсар Уладзімір Кубышкін рыхтуецца да адбору адразу з двума падапечнымі – удзельнікам дзіцячага “Еўрабачання-2004” Ягорам Ваўчком і Віталём Варанко.


"Я не спрабую прадугадаць нейкія тэндэнцыі, асабліва беларускага адбору. Мы проста робім якасную музыку, шчыра спадзеючыся, што рана ці позна на гэта звернуць увагу, — каментуе Уладзімір. — Пакуль "Еўрабачанне" для Беларусі — гэта ідэалагічны рэсурс, а не музычны конкурс. Я разумею нашых ідэолагаў, якія робяць "Еўрабачанне" з гэтай мэтай. Гэта нармальна. Але я проста прызываю ўсіх, не забываць і пра музыку, у тым ліку”.


Уладзімір падкрэслівае, што апроч самога конкурсу, мае вялікае значэнне тэлеэфір адбору, як сур’ёзны рэсурс для рэйтынгу артыста.


Хто-хто, а кампазітар Сяргей Сухамлін на "Еўрабачанні" сапраўды з'еў сабаку. Разам з Гюнеш ён 8(!) разоў штурмаваў беларускія адборы, ездзіў з Палінай Смолавай як кампазітар песні "Mum" у Грэцыю ў 2006 годзе. Як даведалася Еўрарадыё Сяргей рыхтуе да адбору ажно тры свае песні. Адну з іх выканае ўсё тая ж… Паліна Смолава. Праўда, прызнаецца Сяргей, на перамогу ні Паліна, ні ён не разлічваюць: маўляў, гэта будзе проста інфармацыйная нагода, не больш за тое.


“На “Еўрабачанне” мусіць ехаць чалавек, у якога за плячыма хаця б чатыры гады досведу працы на сцэне, хаця б два альбомы, каб узяць усё, — перакананы Сяргей. — Вось як Рыбак, так? У яго былі запісаныя альбомы. Таму "Еўрабачанне" яго накіравала на прамую папулярнасць і зараблянне грошай. Адразу пасля сваёй перамогі ён стаў прадаваць свае альбомы, калясіць па Еўропе і ўсё. Ну, а наш чалавек? Ну, перамагла б Алёна Ланская — ёй усё адно няма з чым выступаць! Ці перамог бы любы беларускі выканаўца. Ну, што гэта яму дасць? Нічога!”


На думку Сяргея, у Беларусі цяпер няма маладога поп-артыста, які б мог прадставіць нашу краіну на "Еўрабачанні". Адзіныя, каму гэта пад сілу, гэта... гурт The Toobes.


"Класныя хлопцы. Я чуў іх жыўцом, як яны запальваюць, якая энергетыка і які прафесіяналізм — гэта было крута! Але, мяркую, ім гэта не трэба. Калі ў артыста ёсць грошы, гастролі і ўсё — нафіг яму гэтае "Еўрабачанне"?"


Ці збяруцца The Toobes, аматары і пераможцы шматлікіх конкурсаў, скарыць яшчэ адзін, пакуль не вядома.

Фота: dengi.onliner.by
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі