Лаўроў: Беларусь і Расія рыхтуюць пагадненне аб узаемным прызнанні візаў
Беларусь і Расія завяршаюць падрыхтоўку пагаднення аб узаемным прызнанні візаў. Пра гэта заявіў кіраўнік расійскай дыпламатыі Сяргей Лаўроў пасля сумеснага пасяджэння калегій МЗС Беларусі і Расіі. Заява Лаўрова прагучала ў каментарах наконт нядаўніх крокаў Масквы па ўзмацненні мяжы з Беларуссю — увядзенні памежнай зоны і пераводзе беларускіх рэйсаў у міжнародныя тэрміналы.
Па словах Лаўрова, якія перадае tut.by, некалькі гадоў таму нават прапаноўвалася стварыць камісію аб дэлімітацыі мяжы паміж Беларуссю і Расіяй. "Дзякуй Богу, удалося да гэтага не давесці і зрабіць мяккі варыянт ўпарадкавання гэтай лініі, стварылі камісію па картаграфічным афармленні гэтай лініі", — дадаў расійскі міністр.
Лаўроў паведаміў, што Расія ўжо 10 гадоў хоча знайсці дамоўленасць, якая забяспечыць адзінства візавай палітыкі з Беларуссю. Гэтае пытанне ўзнікла пасля расійска-грузінскай вайны, калі Расія ўвяла візы для грамадзянаў Грузіі.
На цяперашні час, па яго словах, ужо ўзгоднены і выносіцца на ўхваленне Саўміна Саюзнай дзяржавы план мерапрыемстваў па фарміраванні адзінай міграцыйнай прасторы на бліжэйшую трохгодку.
Лаўроў заявіў, што МІнск і Масква рыхтуюць міжурадавае пагадненне аб узаемным прызнанні візаў. Таксама ў гэтым дакуменце будуць узгодненыя пытанні, звязаных з уездам замежных грамадзян і асоб без грамадзянства на тэрыторыю Саюзнай дзяржавы.