Лаўроў назваў Малдову "наступнай ахвярай гібрыднай вайны"
Сяргей Лаўроў прыехаў у Еўропу і абрынуўся на Малдову
30 лістапада міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў, выступаючы на пасяджэнні АБСЕ ў Паўночнай Македоніі, назваў Малдову "наступнай ахвярай у развязанай Захадам гібрыднай вайне супраць Расіі". У Міністэрстве замежных спраў і еўраінтэграцыі Малдовы заявілі, што выказванне Лаўрова — "гэта частка варожых дзеянняў, якія Расія цягам апошніх 30 гадоў спрабуе правесці супраць нашай краіны".
"На шчасце, увесь гэты час заходнія дзяржавы-партнёры падтрымлівалі нас, дапамагаючы паспяхова пераадольваць гэтыя пагрозы, — цытуе паведамленне МЗС Малдовы newsmaker.md. — Улічваючы, што міністр Лаўроў усё ж прыбыў на пасяджэнне АБСЕ, мы спадзяемся, што ён пачуе нашу заяву: Малдова незваротна ідзе па еўрапейскім шляху, і сёння, як ніколі, мы настойваем на неадкладным і безумоўным вывадзе расійскіх войскаў з нашай тэрыторыі".
Маецца на ўвазе прысутнасць войскаў РФ у Прыднястроўі.
У кастрычніку прэзідэнт Малдовы Мая Санду заявіла, што Яўген Прыгожын з вагнераўцамі рыхтаваў у яе краіне дзяржпераварот. Санду — праеўрапейскі прэзідэнт Малдовы. Яна перамагла на выбарах 2020 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.