Лебядок: Беларусь усё больш штурхаюць у рэгіянальную варонку эскалацыі
Беларускі ваенны эксперт Ягор Лебядок у сваім тэлеграм-канале пракаментаваў заяву намесніка начальніка Генштаба Узброеных Сіл Беларусі Паўла Муравейкі пра мэту знаходжання польскіх вайскоўцаў каля мяжы з Беларуссю і пра мэты вайсковых вучэнняў у лютым "Саюзная рашучасць 2022". Муравейка гаварыў пра "правакацыі", якія нібыта маюць сваёй задачай палякі, а таксама пра іх значную колькасць, "непрапарцыйную колькасці мігрантаў". Лебядок нагадвае, што беларуская дзяржпрапаганда палохае "польскай агрэсіяй" ужо працяглы час.
"Логіка ў дзеяннях палякаў ёсць, Муравейка далёка не дурань і гэта ведае, — піша эксперт. — Палякі пачалі нарошчваць сваю групоўку не ў адказ на проста пераходы мігрантаў, а з мэтай перадухіліць стандартны ланцужок эскалацыі, які яны чакалі ад Пуціна і Лукашэнкі" (у тым ліку чакалі і правакацыі, аж да баявых дзеянняў). Для прадухілення такога развіцця падзей "і нарошчвалася польская групоўка, для павышэння боегатоўнасці і дэманстрацыі рашучасці".
Што да запланаваных у Беларусі вучэнняў (а яны будуць праходзіць на захадзе і поўдні), то іх "характар... у дачыненні Украіны і Польшчы будзе зразумелы па некаторых элементах". Гэта і тое, ці будзе адпрацоўвацца засылка дэсантаў "на дзясяткі кіламетраў праз мяжу на парашутных сістэмах незаўважна для СПА", ці будзе шырока выкарыстоўвацца інжынерная тэхніка "для стварэння шляхоў перакідання тэхнікі па малачаканых напрамках", ці перамесцяць расійскія С-400 з Гродна на поўдзень Беларусі, ці пакінуць іх там і надалей" і г. д.
Ягор Лебядок заканчвае свой тэкст невясёлай высновай: "Рост вайсковых сіл каля Беларусі з усіх бакоў і агрэсіўная рыторыка ўсё больш штурхаюць Беларусь у рэгіянальную варонку эскалацыі са стандартным выхадам — праз вайну".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.