Следчы камітэт завяршыў расследаванне справы "аналітыкаў Ціханоўскай"
Следчы камітэт
Следчы камітэт рапартуе аб завяршэнні расследавання па справе так званых "аналітыкаў Ціханоўскай". Расследаванне вялося ў рэжыме "спецвытворчасці" — гэта значыць, падрыхтоўкі да завочнага суда.
Як распавядала Еўрарадыё, СК пачаў гэтую справу 25 студзеня 2023 года. У спісе пазначаныя Рыгор Астапеня, Філіп Біканаў, Аляксандр Дабравольскі, Юрый Дракахруст, Андрэй Казакевіч, Ганна Красуліна, Яўген Крыжаноўскі, Дзяніс Кучынскі, Вераніка Лапуцька, Аляксандр Лагвінец, Ганна Любакова, Васіль Навумаў, Марыя Рогава, Пётр Рудкоўскі, Алеся Руднік, Наталля Рабава, Павел Усаў, Таццяна Чуліцкая, Аляксандр Шлык, Кацярына Шмаціна.
Цяпер СК паведаміў, у чым знайшоў іх віну:
"Падбіраючы "патрэбныя словы", так званыя аналітыкі, пад кіраўніцтвам заходніх куратараў, выпрацоўвалі стратэгію і тактыку барацьбы з дзейнай у Беларусі ўладай, ажыццяўлялі падрыхтоўку тэзісаў публічных выступаў для іх "гаворачай галавы" з прозвішчам Ціханоўская і іншых удзельнікаў змовы, рыхтавалі публікацыі ў падкантрольных дэструктыўных рэсурсах, накіраваныя на актывізацыю пратэсных настрояў і паглыбленне расколу ў беларускім грамадстве, узмацненне палітычнага і эканамічнага ціску на Рэспубліку Беларусь".
Таксама іх вінавацяць у санкцыях, арганізацыі страйкавага руху, забароне буйных міжнародных спаборніцтваў на тэрыторыі Беларусі і нядопуску беларускіх спартоўцаў да міжнародных турніраў.
Абвінавачанні фігурантам справы выстаўленыя па наступных артыкулах:
ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 (дапамога ў наўмысных дзеяннях, накіраваных на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненых групай асоб);
ч. 1 арт. 357 (змова, здзейсненая з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам);
ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 361 (дапамога ў публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады, здзяйснення іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, закліках, звернутых да замежнай дзяржавы, замежнай і міжнароднай арганізацыі, здзейсніць дзеянні, накіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненых з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі і глабальнай камп'ютарнай сеткі Інтэрнэт);
ч. 1 арт. 3611 (кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем і структурным падраздзяленнем, якое ўваходзіць у яго);
ч. 3 арт. 3611 (удзел у экстрэмісцкім фармаванні).
На маёмасць абвінавачаных (кватэры, дамы і зямельныя ўчасткі) накладзены арышт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.