Лекар, на якога напаў #ямыбацька: ён казаў, як любіць прэзідэнта — мы маўчалі

Лекар, на якога напаў #ямыбацька: ён казаў, як любіць прэзідэнта — мы маўчалі

Брэсцкі доктар хуткай Андрэй Ракала расказаў TUT.by , як на яго ў лякарні напаў нецвярозы прыхільнік Аляксандра Лукашэнкі.

Здарэнне адбылося 5 студзеня. У інтэрнэт трапіла відэа, як у лякарні 55-гадовы мужчына гучна мацюкаўся і ўдарыў доктара ў твар. Як стала вядома пазней лекар атрымаў закрытую чэрапна-мазгавую траўму і цяпер знаходзіцца на бальнічным. Самога нападніка пасля гэтага здарэння звольнілі з працы — ён працаваў кіроўцам школьнага аўтобуса.

Андрэй Ракала працуе лекарам хуткай тры з паловай гады. 5 студзеня ім затэлефанавалі з міліцыі і сказалі, што на прыпынку ў Брэсце ляжыць нецвярозы мужчына. Дактары забралі яго ў машыну хуткай. Прычым сам ён ехаць адмаўляўся і не хацеў праходзіць агляд. Але медыкі не маглі пакінуць узімку на вуліцы чалавека з траўмамі і прыкметамі алкагольнага ап'янення. 

Міліцыянты з імі не паехалі

Па дарозе, кажа Ракала, мужчына супраціўляўся, лаяўся, хаце выйсці з машыны. Медыкі яго прытрымлівалі, каб ён сам сябе не параніў.

"Ён казаў, як любіць прэзідэнта, міліцыю, якія ўсе малайцы. Мы проста маўчалі і нічога не казалі ў адказ", — падкрэслівае медык. Ён дадае,  што медыкі не дыскутуюць з нецвярозымі або неадэкватнымі пацыентамі і ўвогуле не вядуць ніякіх размоваў — хіба што наконт іх стану.

У лякарні пацыент спярша стукнуў па назе фельчарку. Пасля гэтага ў клініку выклікалі ўчастковага. "Прыйшоў участковы. Сказаў, што будзе прымаць заяву ад нашага фельчара. Яна давала паказанні ў назіральным кабінеце, а мы стаялі ў калідоры. Гэты мужчына быў у суседнім назіральным кабінеце — яго там аглядаў траўматолаг. Раптам у нейкі момант ён выбег, пачаў лаяцца і ўдарыў мяне", — распавядае Ракала. 

На відэа трапіў момант, калі ўчастковы адводзіць нападніка ўбок. Медсёстры выклікалі ў дадатак супрацоўнікаў Дэпартамента аховы, якія сачылі за парадкам, пакуль медыкі ўсё ж абследавалі пацыента.

Андрэю давялося пайсці на бальнічны з чэрапна-мазгавой траўмай, а ў фельчаркі, па яго словах, з нагой "нічога сур'ёзнага".

Ракала напісаў заяву ў міліцыю, яе праверкай займаюцца супрацоўнікі Ленінскага РАУС Брэста. Дарэчы, прабачэння ў медыка нападнік не папрасіў. У пазнейшых каментарах журналістам ён казаў, што пачуваецца няёмка за свае паводзіны, але палітычныя погляды мяняць не будзе. 

Каментуючы інцыдэнт, галоўны лекар станцыі хуткай меддапамогі Валянціна Пашкевіч заявіла, што ніякага палітычнага кантэксту ў канфлікце няма, бо лекарам забаронена весці такія гутаркі з пацыентамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі