Лепшы дворнік Цэнтральнага раёна Мінска зарабляе 350 рублёў

Лепшы дворнік Цэнтральнага раёна Мінска зарабляе 350 рублёў

Ганна Дзесюкевіч перамагла ў конкурсе сярод 43 дворнікаў і атрымала прыз — паездку ў Італію. Адразу кажа, што ніколі не была за мяжой, “цікава паглядзець”:


"Дагэтуль я 30 гадоў прапрацавала ў сферы гандлю. Стамілася. Пачаў падымацца ціск. Паспрабавала сябе ў якасці дворніка. Спадабалася! — распавядае пераможца конкурсу “Лепшы дворнік Цэнтральнага раёна Мінска”. — На мой погляд, уся праца карысная, праца дворніка ў тым ліку, нічога страшнага ў ёй няма. Трэба ўчас прыбіраць”.


Працоўнае месца Ганны — вялікі двор па Пераможцаў, 97. Тут сапраўды чысценька і ўтульна. Вакол дзіцячай пляцоўкі зелена, на акуратных маленькіх клумбах кветкі. Мінакі, бачаць Ганну з журналістам, і пытаюцца, калі яе пакажуць па тэлевізары.


"Тут вельмі добрыя жыхары, ветлівыя. Бывае, цяжкавата зімой спраўляцца са снегам, дык выходзяць хлопцы і дапамагаюць расчышчаць дарожкі", — працягвае Ганна Уладзіміраўна і ўсміхаецца, што сёння цэлы дзень яе віншуюць.

 

Лепшы дворнік Цэнтральнага раёна Мінска зарабляе 350 рублёў

Па словах Ганны, зіма — самы цяжкі перыяд у працы дворніка. Падчас снегападаў даводзіцца працаваць цэлы дзень. У астатнюю пару прасцей. За год, расказвае Ганна Дзесюкевіч, прыходзіцца змяніць усяго тры вялікія мятлы, а "рысавых" (дамашніх) венікаў сыходзіць процьма.


Ганна Уладзіміраўна жыве таксама ў Вяснянцы, тут, у суседнім двары. Працу калегі, адказнага за яе двор, ацэньвае на “здавальняюча”, хаця, кажа, у кожнага свой падыход. Сама яна сочыць, каб не было смецця і сцежкі былі чыстымі.


Заробак Ганны Дзесюкевіч — 350 рублёў. Пра Італію, дзе наведае Венецыю, Неапаль і Рым, мае агульныя звесткі, але прызнаецца, што паглядзець цікава, у тым ліку і на працу італьянскіх дворнікаў.


На думку Ганны Дзесюкевіч, большая частка людзей добра ставіцца да прафесіі дворніка, бо разумее яе важнасць. Мяркуе, што падобныя конкурсы могуць спрыяць таму, што людзі перастануць цурацца гэтага занятку.


А яшчэ лепшы дворнік раёна любіць хадзіць у тэатр.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі