Летась у лякарнях Мінску ад пнеўманіі памерлі 123 чалавекі

У рэанімацыях Мінску ад пнеўманіі ў 2009 годзе памерлі 123 чалавекі. З іх у 88 быў вызначаны вірус пандэмічнага грыпу A(H1N1). Пра гэта, па звестках БелаПАН, паведаміў галоўны пазаштатны анестэзіёлаг-рэаніматолаг камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Аляксандр Дзядзько. Па яго словах, агулам летась у сталіцы з дыягназам "пнеўманія" было шпіталізавана 11 тысячы 550 чалавек, што на 2 тысячы 225 выпадкаў больш, чым было ў 2008-м. "Гэта, мусіць, і ёсць лік пнеўманій, выкліканых новым вірусам", — выказаў здагадку Дзядзько.

У рэанімацыі сталіцы былі шпіталізаваныя 796 чалавек, 152 з іх была патрэбная штучная вентыляцыя лёгкіх.

Спецыяліст прызнаў, што на пачатку эпідэміі былі дапушчаныя некаторыя "арганізацыйныя пралікі": быў дэфіцыт шэрагу неабходных супрацьвірусных прэпаратаў і медабсталявання, а таксама дэфіцыт кадраў і нізкая эфектыўнасць іх працы. Акрамя таго, хворыя паступалі ў аддзяленні рэанімацыі са спазненнем.

Нагадаем, што з 26 з паловай тысяч мінчан, якія звяртаюцца штотыдзень да лекараў, каля 100 чалавек паступаюць з дыягназам цяжкая форма вострага рэспіраторнага захворвання. А з гэтых 100 – ад 2 да 6 чалавек трапляюць у шпіталь з дыягназам “пандэмічны грып A\H1N1”. Пра гэта паведаміла Еўрарадыё загадчыца эпідэміялагічнага аддзела Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Фісенка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі