Лідар “Правага сектара” прызначаны дарадцам начальніка Генштабу Украіны
Дзмітрый Яраш гатовы заняцца інтэграцыяй добраахвотніцкіх батальёнаў ва ўзброеныя сілы Украіны.
Лідар “Правага сектара” Дзмітрый Яраш прызначаны дарадцам начальніка Генеральнага штабу ўзброеных сіл Украіны, паведамляе УНІАН. У часе сустрэчы з кіраўніком Генштабу Віктарам Мужэнкам, Яраш дамовіўся пра фармат супрацоўніцтва Добраахвотніцкага Украінскага Корпуса з Узброенымі сіламі.
Кіраўнік Генштабу адзначыў істотны ўнёсак усіх добраахвотніцкіх батальёнаў у агульную справу абароны Украіны ад агрэсіі з усходу. Паводле яго словаў, байцы ДУК у многіх баях годна выявілі высокую матывацыю і баявы дух, а іх досвед і веды будуць працаваць на развіццё ўсяго ўкраінскага войска.
У сваю чаргу Яраш падкрэсліў, што адзінства з’яўляецца ключавой умовай далейшай паспяховай барацьбы і выказаў гатовасць адбудоўваць узаемадзеянне і інтэграцыю добраахвотніцкіх батальёнаў ва ўзброеныя сілы Украіны. Ён запэўніў, што ДУК гатовы падпарадкоўвацца кіраўніцтву войска ў пытаннях абароны дзяржавы ад знешняга ворага.