Літоўская мытня не прапусціла ў Беларусь груз для "Белавіі"
"Белавія" была вымушаная вярнуць частку лізінгавых самалётаў / twitter.com/otvinta_flu_cc
Літоўская мытня не прапусціла ў Беларусь груз, які прызначаўся для авіякампаніі "Белавія", гаворыцца ў паведамленні, размешчаным на сайце ведамства. Гэта было абсталяванне для абслугоўвання самалётаў Embraer коштам амаль 154 тысячы еўра. Груз вярнулі назад адпраўніку — кампаніі Embraer Aviation France.
Літва не прапусціла груз з прычыны санкцый ЕС. У пятым пакеце абмежаванняў, які быў прыняты ў пачатку снежня, ёсць "Белавія". Любыя аперацыі з ёй у Еўрасаюзе цяпер пад забаронай.
Раней у парку "Белавіі" налічвалася каля 15 самалётаў Embraer. Частку з іх беларускі перавозчык вымушаны быў вярнуць. Раней кіраўнік МЗС Ірландыі Сайман Ковені казаў, што санкцыі ЕС азначаюць разрыў лізінгавых кантрактаў з "Белавіяй", і самалёты трэба будзе альбо вярнуць, альбо "будзе распачатая судовая справа".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.