Літоўская мытня тры тыдні разбірала модульныя дамы з Беларусі
Кантрабандыя цыгарэты з Беларусі ехалі ў модульных дамах
Літоўскія мытнікі знайшлі беларускія цыгарэты ў модульных дамах, якія везлі з нашай краіны. Кантрабанду выявілі яшчэ 15 верасня, але поўны разбор канструкцый завяршылі толькі цяпер.
Згодна з дакументамі, модульныя дамы з Беларусі мусілі даставіць у Латвію транзітам праз Літву. У пункце пропуску "Шальчынінкай" літоўцы прасканавалі груз і заўважылі схованкі з цыгарэтамі.
Цыгарэты былі схаваныя паўсюль — не толькі ў сценах дамкоў, але таксама ў столях і падлогах. Мытнікі мяркуюць, што дамы "напакавалі" цыгарэтамі на пачатковым этапе вытворчасці, калі збіралі каркасы. Вонкавыя сцены дамоў былі абабітыя спецыяльным ізаляцыйным матэрыялам, каб перашкодзіць рэнтгенаўскаму сканаванню.
Дэмантажом канструкцый літоўцы займаліся больш за тры тыдні. Было выяўлена 99 760 пачкаў цыгарэт з беларускімі акцызнымі маркамі. Іх кошт разам з падаткамі складае больш за 447 тысяч еўра.
Часткі модульных дамоў захоўваюцца на літоўскай мытні. Паводле рашэння суда іх знішчаць ці прададуць на аўкцыёне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.