Літва дазволіла збіваць дроны з кантрабандай (такія часта ляцяць з Беларусі)
Дрон
Сейм Літвы дазволіў збіваць лятучыя аб'екты з агнястрэльнай зброі. Гаворка ідзе пра метэазонды, дроны і паветраныя шары.
Такі дазвол атрымалі афіцэры любых устаноў, якія на падставе закона могуць мець пры сабе агнястрэльную зброю, піша літоўскае выданне LRT. Новыя захады накіраваныя супраць контрабанды, якую перавозяць дронамі, метэазондамі і іншымі невялікімі лятучымі аб'ектамі.
Выпадкі кантрабанды цыгарэт з Беларусі ў Літву праз паветра пачасціліся са жніўня. Груз прымацоўваюць да паветранага шара, той перасякае мяжу і праз некаторы час зніжаецца, а кантрабандысты ў Літве па сігнале GPS знаходзяць цыгарэты.
Сейм таксама дазволіў уводзіць беспалётныя зоны на адлегласці аднаго кіламетра ад аб'екта крытычнай інфраструктуры, які размяшчаецца ў гарадской мясцовасці. І на адлегласці трох кіламетраў ад аб'ектаў, размешчаных у сельскай мясцовасці.
Гэта зрабілі па ініцыятыве Міністэрства ўнутраных спраў. Падставай стаў інцыдэнт, калі шары з кантрабандай прызямліліся ў аэрапорце Вільні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.