Літва высылае часовага паверанага ў справах Расіі

Расійскі дыпламат мае пяць дзён, каб сабраць рэчы і з'ехаць з Літвы / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Расійскі дыпламат мае пяць дзён, каб сабраць рэчы і з'ехаць з Літвы / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com

Літва высылае часовага паверанага ў справах Расіі Сяргея Рабаконя. Як піша Delfi, у літоўскім МЗС такі крок патлумачылі "дзеяннямі і заявамі дыпламата, якія не адпавядаюць дыпламатычнаму статусу". Рабаконя выклікалі ў знешнепалітычнае ведамства Літвы у панядзелак і далі пяць дзён на тое, каб пакінуць тэрыторыю краіны.

Адзначаецца, што МЗС Літвы прыняў рашэнне "з улікам інфармацыі, прадастаўленай кампетэнтнымі органамі". Дзеянні расійскага дыпламата "могуць быць расцэненыя як умяшальніцтва ва ўнутраныя справы прымаючай дзяржавы і таму лічацца парушэннем Венскай канвенцыі аб дыпламатычных зносінах".

Часовы павераны Сяргей Рабаконь ачольваў пасольства Расіі ў Літве з красавіка 2022-га. Вясной Літва пасля адкрыцця расійскіх злачынстваў у Бучы панізіла дыпламатычныя дачыненні з РФ, выслала расійскага пасла і адклікала з Расіі свайго амбасадара.

Прадстаўніку расійскага пасольства таксама быў заяўлены пратэст МЗС Літвы супраць анэксіі чатырох рэгіёнаў Украіны.

Масква ўжо паабяцала адказаць на дзеянні Вільні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі