Літва закрые два пункты пропуску з Беларуссю, але рэйсаў стане больш. Гэта як?
Што чакае беларусаў?
Літва закрые два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю ўжо гэтай ноччу. Спыняць сваю працу пераходы "Лаварышкес" і "Райгардас".
Улады краіны заяўляюць, што гэтае рашэнне звязана з абаронай нацыянальнай бяспекі, прадухіленнем кантрабанды і з парушэннем санкцый.
Акрамя гэтага чакаецца, што Літва скароціць выдачу дазволаў на ажыццяўленне пасажырскіх перавозак да 50%.
Аднак, як высветліла Еўрарадыё, у аднаго з аўтобусных перавозчыкаў колькасць рэйсаў нават павялічыцца.
У адным з чатаў людзі пішуць, што Ecolines запусціў некалькі новых рэйсаў. Гэтую ж інфармацыю нам пацвердзілі і ў кол-цэнтры кампаніі.
— Скарачэння рэйсаў у нас дакладна не плануецца. Калі казаць пра Літву, то ў нас яны нават дадаліся. Напрыклад, з 24 лютага з'явіліся два новыя рэйсы ў Вільнюс, — расказала аператарка Ecolines.
А калі верыць Instagram-акаўнту кампаніі, то з 28 лютага запусцілі новы рэйс па маршруце Ліда — Шальчынінкай, а з 1 сакавіка пачне курсіраваць аўтобус Мінск — Каўнас.
Перавозчык Infobus пра скарачэнне або павелічэнне рэйсаў не паведаміў. Супрацоўніца кол-цэнтра ўдакладніла, што "ўся інфармацыя будзе пасля 1 сакавіка".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.