Літвіна: працэс Пачобута хочуць схаваць ад вачэй

Еўрарадыё: Суд над Андрэем Пачобутам будзе закрытым. Ваша рэакцыя на такі паварот падзей?

 Жанна Літвіна: “Гэта неверагодная і непрыемная навіна. Гэта выклікана, у першую чаргу, цмянасцю ўсёй гэтай справы. Упершыню за 10 гадоў супраць журналіста ўзбуджаецца справа адразу па двух артыкулах крымінальнага кодэксу. Баючыся грамадскага нейкага рэзанансу, гэтую справу хочуць закрыць. Канешне, знойдуцца аргументы і апраўданне, чаму так зроблена. Але я лічу, што гэта зроблена, каб схаваць ад вачэй, каб не даць журналістам прысутнічаць у самой судовай зале. Але гэта не можа паўплываць на салідарнасць, на падтрымку Андрэя. Усё роўна журналісты, калегі прыедуць 14-га ў Гародню і ўсяляк, як толькі можна, мы будзем падтрымліваць яго”.


Еўрарадыё: БАЖ мае магчымасць паўплываць на тое, каб суд быў адкрыты?

Літвіна: “Рыхтуецца зварот з патрабаваннямі зрабіць гэтае судовае паседжанне адкрытым. Але нават пасля звароту гэта ўсё выглядае так, што прынята палітычнае рашэнне і наўрад ці атрымаецца нашымі зваротамі гэта змяніць. Думаю, Андрэй адчувае зараз на сабе пераслед за сваю пазіцыю, за сваю прафесію і ў першую чаргу за тое, што ў чалавека ёсць пачуццё ўласнай годнасці, пачуццё прафесійнай годнасці, і такіх людзей вельмі складана зламаць, і таму робяцца такія дзеянні супраць нашага калегі”.

Фота — bymedia.net


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі