Логвінаў: У крайнім выпадку будзем вазіць літаратуру з-за мяжы

Працэс “выдавец Логвінаў супраць Мінінфармацыі” разглядаецца ў Вышэйшым гаспадарчым судзе. Паназіраць за ім прыходзяць супрацоўнікі выдавецтва, некалькі пісьменнікаў і натоўп журналістаў — два дзясяткі чалавек. Суддзя Таццяна Праташчык нават здзівілася: “З чаго гэта такі аншлаг?”. У якасці сведкі выступае Уладзімір Арлоў, просіць не закрываць выдавецтва.

“Высокі суд, я абмяжуюся тым, што выкажу наступнае меркаванне: ваша рашэнне на карысць выдаўца Ігара Логвінава будзе адначасова рашэннем на карысць усёй беларускай культуры”.

Разам з Арловым у якасці сведак выступаюць рэдактар альбома “Прэс-фота Беларусі 2011” Юлія Дарашкевіч і філосаф Ігар Бабкоў, які цесна супрацоўнічае з Логвінавым. Дарашкевіч гаворыць пра тое, што праз прызнанне альбома экстрэмісцкім не павінны цярпець яго выдаўцы і распаўсюджвальнікі, Бабкоў націскае на важнасць выдавецтва для беларускага літаратурнага “арт-хаўса”. Усё марна. Пасля дзвюх гадзінаў даволі вялага разбіральніцтва суддзя Праташчык зачытвае рашэнне — Логвінаву ў абскарджанні пастановы калегіі Мінінфармацыі аб пазбаўленні яго ліцэнзіі адмовіць. Рашэнне набывае сілу пасля яго абвяшчэння. Выдаўца яно не здзіўляе.

“Рашэнне суда мяне не здзіўляе. Больш здзіўляе пазіцыя Міністэрства інфармацыі. Справы аб экстрэмізме праходзяць перыядычна. Яны абмяжоўваюцца папярэджаннямі альбо нейкімі больш мяккімі санкцыямі. А ў дачыненні да нас была выбраная такая жорсткая і цынічная форма. Гэта сведчыць аб стаўленні Мінінфармацыі да сваіх выдаўцоў і да нацыянальнай літаратуры ў цэлым”, — гаворыць Логвінаў.

Прадстаўнік Логвінава на працэсе, юрыст "Беларускай асацыяцыі журналістаў" Андрэй Бастунец падчас разбіральніцтва спрабаваў высветліць, чаму выдаўца пазбавілі ліцэнзіі ў некаторым сэнсе “заднім днём”. Да прызнання ў экстрэмізме альбом “Прэс-фота Беларусі 2011” больш за год абсалютна легальна ўвозіўся ў Беларусь і распаўсюджваўся праз цэлую сетку крамаў. У адказ прадстаўніцы Мінінфарма спаслаліся на рашэнне суда Ашмянскага раёна аб "экстрэмісцкасці" альбома. Маўляў, як толькі атрымалі яго, адразу за Логвінава і ўзяліся. Пытанне аб лёсе больш чым дзясятка крамаў, якія год гандлявалі апальным выданнем, застаецца без адказу.

Сам выдавец Ігар Логвінаў тым часам на будучыню глядзіць збольшага аптымістычна. Гаворыць аб намерах абскарджваць рашэнне суда і рэгістраваць іншае выдавецтва.

“Думаю, што зараз будзем падаваць скаргу ў вышэйшыя інстанцыі. Па-другое — будзем спрабаваць зарэгістраваць іншае выдавецтва, напэўна. Я, акрамя кніг, нічога рабіць не ўмею. Будзем шукаць накірункі, у якіх зможам існаваць. У крайнім выпадку будзем імпартаваць беларускую літаратуру ў Беларусь”.

Выдавецтва “Логвінаў” існавала больш за 13 гадоў і выдала за гэты час больш за 700 кніг. Яно стала першым за апошнія пяць гадоў, каго Мінінфармацыі пазбавіла выдавецкай ліцэнзіі.

Фота "Еўрарадыё".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі