"Лучше для Майдана нет". БТ прайшлося па “жоўтых камізэльках" і Украіне

Скрыншот з відэа Белтэлерадыёкампаніі.
Скрыншот з відэа Белтэлерадыёкампаніі.

Вядучыя "Галоўнага эфіру" на БТ параўналі пратэсты "жоўтых камізэлек" ў Францыі з украінскім Майданам. Вядучая Вікторыя Сянкевіч раптам успомніла, што французскія беспарадкі пачаліся роўна ў пятую гадавіну Еўрамайдана.

"Містыка! — разводзіць рукамі Сянкевіч і ўспамінае анекдот, — "Эх, ​​праз пяць гадоў будзем жыць, як у Францыі", — казалі тады адэпты ўкраінскага Евромайдана. "А што здарыцца з Францыяй-то праз пяць гадоў?" — жартавалі іх апаненты".

На самой справе, містыкі няма, як няма і поўнага супадзення дат. Французы выйшлі на вуліцы 17 лістапада, а ўкраінцы пяць гадоў таму — 21 лістапада.

Беларускія журналісты агучваюць, што "ўжо некалькі тыдняў Парыж адзін у адзін нагадвае Кіеў пяцігадовай даўнасці". Маўляў, і барыкады такія ж, і сутычкі з паліцыяй, і лозунгі аднолькавыя, і дзеці, якія стаяць на каленях, нікуды не падзеліся. Па словах вядучага праграмы Івана Міхайлава, адзінае, што французскіх пратэстуючых адрознівае ад украінскіх — камізэлькі.

"І не таму, што "Воины света" [назва песні "Ляпіса Трубяцкога", якая стала сімвалам ўкраінскіх пратэстаў 2013 года. — Еўрарадыё], а каб не парушаць закон — гэта сур'ёзна. Каб не арыштавалі за выхад на праезную частку".

Антураж ў студыі Белтэлерадыёкампаніі адпаведны параўнанням. На экране — французскія пратэстоўцы, побач — кадр з украінскага Майдана і надпіс "Жилет — лучше для Майдана нет". Побач з Міхайлавым ляжыць горка пакрышак. Ён называе французскія падзеі "лакальным пратэстам, які здэтанаваў на шэраг дзяржаў".

Далей тэлевядучыя выкарыстоўваюць падзеі ў Францыі як падставу "наехаць" на праваабаронцаў і, раптам, беларускіх незалежных журналістаў.

"Ну, і ці не чутныя нам воклічы айчынных і заходніх праваабаронцаў пра абарону свабоды слова і недапушчальнасць разгону дэманстрацыі, не раздаюць ля Эйфелевай вежы печыва замежныя паслы, не знайсці ў прэсе страшэнных загалоўкаў: "Яны ж дзеці, што вы робіце!". Беларускія незалежныя СМІ замест рэпартажаў пра Парыж, які гарыць, дзясяткі параненых і тысячы арыштаваных будзённа пішуць аб навядзенні парадку ў спакойных мінскіх пад'ездах, бо рэвалюцыя няправільная", — рэзюмуе вядучы.

Пасля гэтай падводкі у праграме паказалі рэпартаж з бунтуючых парыжскіх вуліц.

Пратэстны рух "Жоўтыя камізэлькі" з'явіўся ў Францыі 17 лістапада 2018 года. Спачатку ўдзельнікі выступалі супраць павышэння кошту аўтамабільнага паліва, але неўзабаве іх патрабаванні пашырыліся да адстаўкі прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона.

8 снежня з'явілася інфармацыя пра ўскоснае расійскае ўмяшанне ў французскі пратэст. Пратэстоўцы пазіруюць фатографам са сцягам так званай "Данецкай Народнай Рэспублікі". Па даных інфармагенцтва Bloomberg, у сацсетках актывізаваліся крамлёўскія боты. Сярод 600 прарасійскіх акаўнтаў у Twitter галоўным хэштегам стаў #giletsjaunes — французская назва пратэсту.

Беларускія незалежныя СМІ надаюць нямала ўвагі французскім пратэстам. Да прыкладу, хто ўмее чытаць і слухаць, без цяжкасці знойдзе некалькі спасылак на матэрыялы Еўрарадыё пра пацярпелых і затрыманых падчас выступаў “жоўтых камізэлек", а таксама пра расійскі след у пратэстах. 5 снежня мы зрабілі пратэсты ў Францыі асноўнай тэмай галоўнай інфармацыйнай праграмы дня "ЕўраZOOM".

У 2014 годзе Беларусь стала перамоўнай пляцоўкай для вырашэння ўзброенага канфлікту на Паўднёвым Усходзе Украіны. Аднак падобныя параўнанні ў "галоўным" эфіры на дзяржаўным тэлеканале ставяць пад сумнеў нейтралітэт, якога наша краіна прытрымліваецца як "міратворац" у данбасскім супрацьстаянні.

 

Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Еўразум" за 10.12:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі