Лукашэнка: Баяўся вайны, а аказалася, Захад ні на што не здольны
Кіраўнік Беларусі лічыць, што ЗША і ЕС пабаяцца ўвесці сур'ёзныя санкцыі ў адносінах Расіі за яе палітыку ва Украіне.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, "Захад — гэта такая прафанацыя, гэта ні на што не здольныя людзі", якія спрабуюць у цяперашняй сітуацыі "захаваць твар".
"Я ўжо спалохаўся, каб да вайны не дайшло, — цытуе словы Лукашэнкі РІА "Новости". — Дваццаць чалавек не пусцяць у Еўропу (расійскіх чыноўнікаў): частка, якая ўвогуле ніколі не ездзіла ў Еўропу, а частка — па службовых абавязках не павінны туды ехаць".
Кіраўнік дзяржавы прапанаваў параўнаць санкцыі Захаду ў адносінах Беларусі і Расіі: "Страшна? Страшна. Расія не Беларусь".
Таксама Аляксандр Лукашэнка заклікаў не палітызаваць чэмпіянат свету па хакею, які мусіць прайсці ў Беларусі ў траўні сёлета. Ён не раіць "напружваць сітуацыю" і спрабаваць шантажаваць Беларусь магчымай адменай ці байкотам спаборніцтваў.
Фота — ria.ru