Лукашэнка: Чалавек мае права сказаць усё, што ён думае пра палітыку
Для вытворчасці канкурэнтаздольнай прадукцыі патрэбная жорсткая дысцыпліна і "дыктатура тэхналогіі". Пра гэта 6 траўня падчас размовы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву Мінскага маторнага завода заявіў Аляксандр Лукашэнка, інфармуе БЕЛТА.
Паводле яго слоў, беларускія вытворцы сутыкаюцца з жорсткай канкурэнцыяй. І толькі дысцыпліна здольная забяспечыць выпуск тавара, прывабнага па кошце і якасці. З ім можна будзе выходзіць на новыя рынкі і, дзякуючы гэтаму, наша краіна зможа "выбрацца з крызіснай сітуацыі, у якую нас апусцілі". У чарговы раз кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў крызіснай сітуацыі "у асноўным гэта не наша віна, а наша бяда".
У той жа час Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што з дапамогай жорсткай дысцыпліны на вытворчасці людзям не павінны закрываць рот. Паводле яго слоў, "чалавек мае права сказаць усё, што ён думае пра палітыку, унутраную і знешнюю". Але не на працоўным месцы, а на прафсаюзным ці агульным сходзе. На канвееры не павінна быць ніякай палітыкі, сказаў Лукашэнка. "Тут палітыка адна — якасць", — адзначыў ён.