Лукашэнка: Для прыватнай уласнасці на зямлю час яшчэ не прыйшоў

2 траўня кіраўнік дзяржавы сустрэўся з фермерамі ў аграгарадку "Александрыя" Шклоўскага раёна Магілёўшчыны. Падчас гэтай сустрэчы ён паабяцаў бліжэйшым часам правесці сур'ёзную нараду наконт развіцця і рэфармавання сельскай гаспадаркі, перадае БелаПАН.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што што развіццё аграрнага сектару пачыналася з недахопу сродкаў і сельгаспрадукцыі. А сёння, па яго словах, забяспечаная харчовая бяспека краіны, а сама Беларусь імкнецца выйсці на экспарт сельгаспрадукцыі ў 7 млрд долараў.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, як у свой час яму прапаноўвалі раздаць зямлю ў прыватную ўласнасць. "Вы ведаеце маё рашэнне — я быў катэгарычна супраць. І пабываўшы сёння ў паспяховых фермераў Шклоўскага раёна, у людзей, з якімі я працаваў, якіх я добра ведаю, пераканаўся, што тады мы абсалютна правільна паступілі", — заявіў Лукашэнка.

Ён лічыць, што калі б тады раздалі зямлю, наступствы былі б вартымі жалю. Як негатыўны прыклад такой прыватызацыі ён згадаў суседнюю Расію і нават Еўропу. На думку беларускага кіраўніка, для прыватнай уласнасці на зямлю ў нашай краіне час яшчэ не прыйшоў.

Лукашэнка заявіў, што сёння нават еўрапейцы зайздросцяць беларускім аграрыям, бо ў Еўропе далёка не ўсе фермеры могуць дазволіць сабе працаваць на такіх вялікіх плошчах зямлі. Там зямля прыватная, і канкурэнцыя вельмі жорсткая. У Беларусі ж, кажа кіраўнік дзяржавы, знятыя абмежаванні на карыстанне зямлёй для фермераў.

Фермеры папрасілі даць ім магчымасць выкупляць арандаваную маёмасць — будынкі і збудаванні. Лукашэнка даручыў ураду разгледзець і вырашыць праблемы ўласнасці для фермераў. Таксама ён даручыў спрасціць сістэму бухгалтарскага ўліку для фермераў.

Фота — БЕЛТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі