Лукашэнка гаварыў пра пасяўную і будучы ўраджай, які нельга страціць
Кіраўнік дзяржавы 16 сакавіка падчас кадравых прызначэнняў выказаўся на тэму пасяўной кампаніі.
У панядзелак, 16 сакавіка, Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў хутчэй распачынаць пасяўную кампанію. Адбылося гэта падчас кадравых прызначэнняў. Між іншым, кіраўнік дзяржавы прызначыў сем новых кіраўнікоў раёнаў.
Лукашэнка прызначыў новых амбасадараў і кіраўнікоў раёнаў
Лукашэнка гаварыў, што сёлета складваецца "асаблівая сітуацыя з пасяўной", паколькі зіма была цёплай, дажджлівай. "Вельмі важна як мага хутчэй зерне пакласці ў глебу", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да згаданых старшыняў райвыканкамаў.
"Калі ў нас сапраўды ёсць рызыка не захаваць пасевы або атрымаць невялікія ўраджаі ў сувязі з вымярзаннем, вымаканнем, трэба больш рашуча дзейнічаць, — цытуе словы кіраўніка Беларусі БЕЛТА. — Нельга страціць ураджай, нельга апусціцца ніжэй за ўзровень мінулага года. Ён у нас быў прыстойным".
Нагадаем, летась у нашай краіне сабралі больш за 10 млн тон збожжа і кукурузы.
Таксама ў панядзелак Лукашэнка паставіў задачу чыноўнікам да 9 траўня навесці парадак не толькі на палях краіны, але і ў населеных пунктах.
Фота: БЕЛТА