Лукашэнка і Пуцін абмяркуюць энергетычныя праблемы
У першай палове лютага ў Маскве пройдуць перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. На іх будзе абмяркоўвацца энергетычнае супрацоўніцтва дзвюх дзяржаваў.
Сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Расіі адбудзецца падчас пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы. Пра гэта піша расійская газета "Известия" са спасылкай на Дзмітрыя Пяскова, прэс-сакратара расійскага прэзідэнта.
Пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага савета адбываецца раз на год па чарзе ў Беларусі і Расіі. У ім бяруць удзел кіраўнікі дзяржаў, парламентаў, прэм'ер-міністры і чальцы ўрадаў абедзвюх краін. Расійскі бок прапанаваў сёлета правесці пасяджэнне 9 лютага, аднак афіцыйны Мінск пакуль што не пацвердзіў згоды на гэтую дату.
Паміж Беларуссю і Расіяй дагэтуль няма дамоўленасцяў наконт кошту на газ і аплаты за яго. Спрэчка цягнецца з пачатку 2016 года. Паводле апошніх ацэнак расійскага боку, запазычанасць за пастаўкі газу склала каля 550 мільёнаў долараў. У выніку Расія нават знізіла пастаўкі нафты ў нашу краіну.